25.1.08

Другая Халодная вайна?

Гісторыя мае ўласьцівасьць паўтарацца. Бо ня кожны мае здольнасьць вучыцца на памылках мінулага, сваіх і чужых.

Пасьля апошніх скандалаў вакол офісаў Брытанскай Рады ў Піцеры ды Екацярынбурзе на Захадзе ўсё больш актыўна пачалі казаць пра вяртаньне халоднай вайны. Прамова Пуціна ў Мюнхене ды манэўры вакол амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны (абрэвіятуру пісаць ня буду:) толькі пацьверджваюць гэтую тэзу. Але яшчэ больш яскравым пацьверджанем ёсьць рыторыка расейскай кіроўнай эліты.

Найперш кідаецца ў вочы імкненьне адмыць савецкі пэрыяд гісторыі ў вачах грамадзянаў: вярнулі музыку гімну СССР, Пуцін адмовіўся выбачацца за жахі сталінізму, цяпер плянуецца вярнуць на традыцыйныя парады цяжкую вайсковую тэхніку. Усё гэта складана лучыцца з настальгіяй па часах царызму, але і тут знаходзіцца абгрунтаваньне: усё гэта часы велічы Расеі, часы, калі яе баяліся і таму паважалі. Істотным кампанентам гэтай “ідэалягічнай мяшанкі” ёсьць адмаўленьне дэмакратыі “заходняга ўзору” на карысьць “кіраванай дэмакратыі”.

Усё гэта моцна нагадвае Нямеччыну часоў Ваймарскай рэспублікі, калі пасьля прайгранай вайны на хвалі ўсенароднага комплексу непаўвартаснасьці ды рэваншысцкіх настрояў да ўлады прыйшлі тыя, хто распачаў Другую Сусьветную вайну.

Вельмі цяжка вучыцца гісторыі, асабліва калі яе рэгулярна перапісваюць...

Сайт пра родны горад