25.10.11

Пра “рубільнік” на тутбаі

Падыход, якім кіраваўся спадар Зіссер, кіруючы сваім парталам (“гэта бізнэс”) мне падабаўся. Я досыць спакойна ставіўся да цэнзуравання форумаў і каментароў на тутбаі, бо верыў (ці, прынаймней ня меў грунтоўных падставаў меркаваць інакш), што прынаймней інфармацыя там не цэнзуруецца. Я лічыў, што рэсурс меў здольнасьць ствараць якасны па беларускіх мерках мэдыйны прадукт.


Так, хтосьці мог казаць пра адсутнасьць занадта жорсткай крытыкі ўладаў. Але як раз такі свабода выбару канцэпцыі дазваляе СМІ не пераўтварацца ў “Хартыю” з аднабокай падачай інфармацыі. Бо, як бізнэс-праект, тутбай меў права на цвярозую ацэнку палітычных рызыкаў.


Але выпадак, калі кіраўніцтва партала “схапілася за рубільнік” пасярод жывога этэру, інакш, як цэнзурай (падкрэсвліваю, не самацэнзурай, а менавіта цэнзурай) назваць я не магу. А цэнзураваны мэдыйны прадукт я ніколі не змагу назваць якасным. І любы, хто вядзе мэдыйны бізнэс, мусіць памятаць: калі цябе злавілі на цэнзуры – адмыць сваю рэпутацыю будзе скрайне складана. Як спажыўцу мэдыйнага прадукту, мне не цікава мець справу з цэнзураваным кантэнтам. І нават пагроза з боку ўладаў не можа апраўдаць такога бізнэсоўцу. Мне не істотна, чаму прадукт цэнзуруецца, для мяне галоўнае, што ён у прынцыпе цэнзуруецца, а значыць не адпавядае маім патрабаванням да якасьці.


Абрубанне эфіру 25 кастрычніка інакш, як цэнзурай, я назваць не магу. Выказванне рэдактара Марыны Золатавай пра тое, што інтэрвію Лявона Вольскага “супярэчыла канцэпцыі партала” не вытрымлівае аніякай крытыкі. Бо, калі асоба ня здольная ўпісацца ў канцэпцыю СМІ, яе туды проста не запрашаюць. А рэгуляванне кантэнту кнопкай “гэта нам падыходзіць, а гэта – не” можна назваць выключна цэнзурай. Як я, як спажывец медыйнага прадукту, магу быць пэўны, што ня ўвесь кантэнт парталу ствараецца менавіта такім чынам? Тым больш, што спадар Зіссер указаў на “недагляд нашых супрацоўнікаў”. То бок увесь астатні час супрацоўнікі “даглядаюць”? То бок цэнзура – гэта нармальная практыка парталу?


Як спажывец, я абіраю адзін варыянт – не карыстацца цэнзураванай крыніцай інфармацыі. Прынаймней, пакуль не пераканаюся ў тым, што той, хто вядзе бізнэс, выправіў свае памылкі і кантэнт больш не цэнзуруецца. Менавіта таму па дзяржтэлевізіі я гляджу толькі спартовыя трансляцыі, а на “Хартыю” заходжу выключна па спасылках, якія зацікавілі мяне ў сацыяльных сетках. Думаю, і на тутбай пэўны час я буду заходзіць хіба тым самым шляхам.


Натуральна, я не чакаю, што большая частка карыстальнікаў парталу зробіць тое самае, прымусіўшы паплаціцца мэдыябізнэс за цэнзуру. Бо прычыны, чаму людзі там зьяўляюцца, ёсьць самыя розныя: хтосьці чытае яго па працы, хтосьці – цікавіцца толькі разьдзеламі пра ежу, пітво, аўто ды да т.п. Ды і маральныя патрабаванні, якія прад’яўляе наша грамадзтва да крыніцаў інфармацыі, пакуль не настолькі жорсткія.

Адзіная праблема для мяне хіба ў тым, што месца тутбая ў аб’ёме чытаных мною крыніцаў наўрад ці будзе занятая беларускімі рэсурсамі. Якаснага беларускага кантэнту жахліва мала. Ну што ж, давядзецца спажываць замежны, веданне іншых моваў мне гэта зрабіць дазволіць.

11.1.11

Урокі дэмакратыі

Выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра большасьць і меньшасьць у беларускім грамадзтве ўзрушыла шмат каго з прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці. Пасьля 19 сьнежня ўсе мы сталі сьведкамі таго, якім чынам афіцыйныя ўлады Беларусі абыходзяцца зь меньшасьцю. Такое абыходжаньне, у спалучэньні з правядзеньнем выбараў прэзыдэнта не ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ, выклікала абурэньне ў палітычных колах на Захадзе, і ўжо зараз з высокай доляй імавернасьці можна казаць пра пэрспэктывы ўвядзеньня санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі з боку Эўразьвязу ды ЗША. Пытаньне хіба што толькі ў тым, наколькі жорсткімі гэтыя санкцыі будуць.


Не хачу зараз спыняцца на санкцыях з боку Захаду. На мой погляд, у беларусаў няма аніякага права патрабаваць ані больш жорсткага, ані больш мяккага падыходу. Бо кіраўнікоў заходніх дзяржаваў абіралі ня мы, і не перад намі ім несьці адказнасьць за свае рашэньні. Усё, што мы можам зрабіць – гэта інфармаваць Захад аб рэальным становішчы ў нашай краіне.


Я б хацеў зьвярнуцца да пытаньня абыходжаньня зь меншасьцю ў дэмакратычных колах Беларусі. Бо, як на мой погляд, тут гэтым, як і на дзяржаўным роўні, далёка ня ўсё ў парадку. Мы нярэдка робімся сьведкамі канфліктных сытуацыяў у розных партыях, грамадзкіх аб’яднаньнях ды кааліцыях. І часьцей за ўсё, як і на дзяржаўным роўні, такія канфлікты сканчаліся лабавым сутыкненьнем двух бакоў з развязкай у выглядзе формулы “пераможца атрымлівае ўсё”. Прычым у “міждэмакратычнай” барацьбе выкарыстоўваюцца разнастайныя сродкі: ад публічных абразаў да выключэньня з арганізацыяў (партыяў), зьмены офісных замкоў,пароляў ад арганізацыйных сайтаў і да т.п. Часам узьнікае адчуваньне, што калі б “дэмакраты” валодалі тымі самымі сродкамі, што і “злачынны рэжым”, дык “міждэмакратычныя разборкі” мала чым бы адрозьніваліся ад “дзяржаўных рэпрэсій”.


Што цікава, у часы такіх разборак многія аналітыкі і незалежныя СМІ нярэдка пераўтвараюцца ў інструманты прапаганды для аднаго з бакоў канфлікту. А некаторыя спробы выступіць пасярэднікам хутчэй нагадваюць показку пра кіроўцу аўтобуса, які, жадаючы прымірыць белых і чорнаскурых пасажыраў, назваў іх зялёнымі, а пасьля скамандаваў: “цёмна-зялёныя – у пярэднія дзьверы, сьветла-зялёныя – у заднія”.


Працэдуры прыняцьця рашэньняў у межах асобных партый, арганізацый ды кааліцый таксама пакідаюць шмат пытаньняў. Шмат якія масштабныя мерапрыемствы ў дэмакратычных колах праходзяць па сцэнары, мала адрозным ад ганьбаванага “дэмакратамі” “усенароднага хуралу”: праграма мерапрыемства, будучыя рашэньні і рознага кшталту рэзалюцыі загадзя рыхтуюцца кіраўніцтвам, а ў працэсе ўсё гэта хуценька ўзгадняецца падняцьцем рук. У такой сытуацыі вінаватыя ня толькі лідэры, якія вырашаюць уласныя мэты рукамі “простых дэлегатаў”, але і самі шэраговыя актывісты, якія звыкліся разважаць “ім там у Менску лепш бачна, хай яны думаюць, а я буду выконваць”.


Мне не хацелася б, каб дадзены пост хтосьці ўспрыняў, як абарону дзеяньняў улады. Да таго ж, я наўмысна не спыняўся на канкрэтных выпадках з жыцьця беларускай дэмакратычнай супольнасьці, абмежаваўшыся агульнымі апісаньнямі, каб не ствараць новых “монстраў” у якасьці аб’ектаў для нападаў. Апошнія падзеі далі дэмакратычнай супольнасьці новы шанец на тое, каб скончыць унутраныя разборкі і ўзяцца за супольную працу. І каб скарыстацца з гэтай магчымасьці, трэба знайсьці ў сабе сілы адкінуць былыя крыўды і перастаць пераходзіць на асобы.


Таксама мне хацелася паказаць, што ня толькі беларускі народ цалкам, але і шмат хто зь ягоных прадстаўнікоў, якія бачаць сябе барацьбітамі за дэмакратыю, да канца да гэтае дэмакратыі не сасьпелі. Прыватна мне вельмі не падабаецца, што дэмакратыя для кагосьці можа быць патрэбная толькі дзеля прыходу да ўлады, як гэта было ў свой час у выпадку “дэмакратычнага дэпутата” Аляксандра Лукашэнкі.


Дзеля таго, каб наша краіна сасьпела да дэмакратыі, кожны з нас павінен банальна пачаць з сябе. Палітыкі і грамадзкія дзеячы павінны адмовіцца ад брудных прыёмаў супраць сваіх паплечнікаў на карысьць цывілізаваных перамоваў. Аналітыкі і свабодныя журналісты мусяць адмовіцца ад “джынсавых” артыкулаў і паліваньня брудам дзеля зьвядзеньня асабістых рахункаў.


Прыватна я веру ў тое, што рана ці позна прадстаўнікі розных плыняў дэмакратычнага актыву навучацца дамаўляцца між сабою. І спадзяюся, што выпрацоўка гэтых навыкаў будзе адбывацца ня ў межах супольнага бараку ў канцлягеры.

28.10.10

Крыху развагаў пра пэнсыі

Масавыя пратэсты ў Францыі супраць падвышэньня пэнсыйнага веку з 60 да 62 год навялі на пэўныя развагі на гэтую тэму (хоць пра сваю пэнсыю я пакуль ня думаю:). Перш за ўсё, адразу адзначу слушнасьць крокаў ураду Сарказі. Старэньне нацыяў у Эўропе – ужо даўна заўважаная тэндэнцыя. І 62 гады – далёка не найвысокі паказчык у Старым Сьвеце. Таму, пры ўсё павазе да сацыяльных правоў шэраговых французаў, думаю, што іншага выйсьця зараз французкі ўрад ня мае. Да таго ж, сярэлняя працягласьць жыцьця французаў за апошнія дзесяцігодзьдзі істотна вырасла.

А вось Беларусі ў гэтым сэнсе пахваліцца няма чым. Сярэдняя працягласьць жыцьця ў нас даволі невысокая ў параўнаньні з заходнеэўрапейскімі краінамі. А павелічэньне пэнсыйнага веку – справа часу. Часу, натуральна, пасьлявыбарчага. Адпаведна, пры захаваньні існых тэндэнцыяў у эканоміцы і дэмаграфіі праз пэўны чам пэнсыйнае забесьпячэньне можа стаць раскошай, якой змогуць насалодзіцца нямногія. І як бы цынічна гэта не прагучала, але, на мой погляд, такі вынік будзе справядлівай адплатай цяперашняму пакаленьню за абыякавасьць да ўсяго, што адбываецца ў краіне, і за банальнае няўменьне адстойваць свае правы.

Абмеркаваньне праблемаў пэнсыйнага забесьпячэньня вельмі часта зводзіцца да пытаньня пераходу ад разьмеркавальнай да назапашвальнай пэнсійнай сыстэмы, а таксама пытаньняў дэмаграфіі. Зразумела, што менавіта гэтыя чыньнікі – найбольш істотныя. Аднак мне хацелася б зьвярнуць увагу на другасны чыньнік, які аднак, дааволі істотна ўплывае на пэнсійнае забесьпячэньне ў нашай краіне. Гэты чыньнік – колькасьць вайскоўцаў і супрацоўнікаў унутраных органаў.

Дастаткова прыгадаць вядомы прыклад пра колькасную роўнасьць супрацоўнікаў МУС у Беларусі і Польшчы. Усім вядома, што супрацоўнікі міліцыі ды вайскоўцы могуць выходзіць на пэнсію ўжо ва ўзосьце 45 год. Такім чынам, скарачэньне колькасьці вайскоўцаў і міліцыянтаў станоўча адаб’ецца на сыстэме пэнсійнага забесьпячэньня нашай краіны, бо:

1. Меньшая колькасьць асобаў будзе выходзіць на пэнсыю ў раньнім веку. То бок, гэтыя людзі яшчэ на працягу 15 год будуць, умоўна кажучы, працаваць на іншых замест таго, каб іншыя працавалі на іх.
2. Значная доля з гэтай катэгорыі грамадзянаў будзе занятая ў рэальным сэктары эканомікі краіны, што асабліва істотна ва ўмовах сёньняшняй разьмеркавальнай пэнсыйнай сыстэмы.

Думаю, мала хто з сёньняшніх пэнсыянэраў задумваўся над тым, што нізкі пемар іхных пэнсіяў зьвязаны ў тым ліку і зь неадэкватна раздзьмутым апаратам праваахоўных органаў.

1.7.10

Парлямэнтарызм, як сродак ад “палітычных гараскопаў”

Дзейсная сыстэма абраньня дзяржаўных органаў Беларусі ёсьць хібнаю ня толькі з тае прычыны, што ў нашай краіне адсутнічаюць свабодныя выбары, як такія. Дадатковай праблемай ёсьць тое, што ўсе органы фармуюцца паводле мажарытарнага прынцыпу (у тым ліку – абраньне прэзыдэнта адзінай агульнадзяржаўнай “акругай”). Такая выбарчая сыстэма спрыяе таму, што палітычнае жыцьцё (як на дзяржаўным роўні, так і сярод тых, хто атаясамлівае сябе з дэмакратычнай апазыцыяй) набывае выразны пэрсаналісцкі характар. То бок палітычная барацьба разглядаецца выключна, як барацьба пэрсаналіяў, а не ідэяў ці палітычных праграмаў.

Здавалася б: а што такога дрэннага ў пэрсаналісцкім характары палітыкі? Па-першае, “персаналізаваная палітыка” спрыяе таму, каб выканаўчая ўлада фармавалася на грунце асабістай лаяльнасьці, а не прафэсіяналізму. А па-другое, наяўнасьць у парляманце пэўнае колькасьці “аднаасабовых палітыкаў” можа дрэнна ўплываць на хуткасьць і сыстэмнасьць працэсу заканатворчасьці. Так, ёсьць істотная рызыка, што асобныя патрэбныя законы ня будуць прымацца з-за адсутнасьці дастатковай падтрымкі, а агулам заканадаўства будзе непасьлядоўным і сыстэмным праз розныя інтарэсы орзных асобных дэпутатаў па тых ці іншых пытаньнях.

На рэспуліканскім роўні пэрсаналізм палітыкі адлюстроўваецца ў наяўнасьці толькі аднога публічнага палітыка – дзейснага прэзыдэнта краіны, якому супрацьстаіць аморфнае, “шматгаловае” утварэньне ў выглядзе “апазыцыі”. Таму няздольнасьць абраць адзінага кандыдата ў межах персаналізаванай палітычнай сыстэмы ставіць апазыцыю ў становішча апрыёры стратнае.

Аднак і на іншых роўнях палітычнае змаганьне паступова набыла выразна пэрсаналісцкі характар, у той час як “змаганьне ідэяў” адыйшло на задні плян. Так, напрыклад, падчас мясцовых альбо парляманцкіх выбараў выбаршчыкаў найбольш цікавіць асабістая біяграфія кандыдатаў, чымсі іх здольнасьць прапанаваць якасныя вырашэньні тых ці іншых рблемных пытаньняў. А ўнутрыапазыцыйныя спрэчкі ідэалягічна блізкіх палітычных сілаў (БНБ, розныя “лягеры” ў Партыі БНФ і г.д.) таксама носяць ня столькі “ідэйны” альбо “праграмны”, колькі пэрсаналісцкі характар. Прычым “пэрсаналзм” часам спараджае абсалютна абсурдныя сытуацыі, як, напрыклад, тлумачэньне моцы лідэра Хартыі-97 Анрэя Саньнікава добрым гараскопам.

У такіх варунках разьлічваць на нейкія пазытыўныя зьмены ў палітычным жыцьці краіны не выпадае. Адзіным шляхам для нармалізацыі палітычнага жыцьця краіны ў доўгатэрміновай пэспэктыве мне бачыцца ўсталяваньне парляманцкай рэспублікі з прапарцыйнай (альбо, зьмяшанай) выбарчай сыстэмай. Толькі ў такім выпадку ў палітыцы можна будзе разьлічваць на пераход ад “змаганьня асобаў” да “змаганьня ідэяў”. Хоць, натуральна, такі пераход ня будзе ані хуткім, ані канчатковым. І ўплыў асобных лідэраў на палітычнае жыцьцё краіны, так ці інакш, будзе значны. Так зараз ёсьць і ў іншых краінах, у тым ліку – парляманцкіх рэспубліках.

Зразумела, што ў межах дадзенай палітычнай сыстэмы пераход да парляманцкай рэспублікі не адпавядае зацікаўленьням кіроўчае эліты, альбо, прынаймней, таго, хто стаіць на яе чале. Аднак для апазыцыйных сілаў ідэя парляманцкай рэспублікі можа быць даволі карыснай, бо такая ідэя здольная аслабіць уплыў шэрагу негатыўных чыньнікаў, якія перашкаджаюць апанентам дзейснага прэзыдэнта знайсьці сваё месца на палітычным полі.

Па-першае, змаганьне за пераход да парляманцкай рэспублікі будзе спрыяць кансалідацыі розных пра-дэмакратычных сілаў, бо няма патрэбы спрачацца, хто мае быць лідэрам, а ўсе міжусобныя разборкі “пераносяцца” на час выбараў у парлямант. Па-другое, праца на ідэю парляментарызму вызваляе ад неабходнасьці падладжвацца пад палітычны каляндар, які фармуе дзейсная ўлада. Гэта дазволіць апазыцыі дзейнічаць самой, а не рэагаваць на дзеяньні ўлады. Да таго ж, гэта істотна ўскладніць працу рэпрэсіўнаму апарату, які, так ці інакш, працуе цыклічна, узмацняючы ціск падчас важных палітычных кампаній. А ў такім выпадку “карным органам” давядзецца ўвесь час знаходзіцца “на баявым дзяжурстве”. Ну, і па-трэцяе, такі падыход пакідае пэўнае месца ў далейшым палітычным жыцьці і дае пэўныя гарантыі для сярэдняга і ніжэйшага слаёў дзейснай эліты. А без талерантнага стаўленьня да магчымасьцяў пераменаў з боку гэтай фундаментальнай часткі дзейснага рэжыму дабіцца перамогі будзе даволі складана.

Натуральна, што ўзьнікае пытаньне адносна складанасьці прасоўваньня ідэяў парлямэнтарызму ў беларускім грамадзтве. Аднак гэтае пытаньне мае выключна тэхнічны характар (то бок “якім чынам зрабіць такую кампанію пасьпяховай”). І наўрад ці вырашэньне такой праблемы больш складанае, чым знаходжаньне адказу на пытаньне “як зматываваць народ пратэставаць супраць фальсіфкацыяў несвабодных выбараў”.

26.5.10

Пра геяў, талерантнасьць і дэмакратыю

Гей-парад, які прайшоў больш за тыдзень таму ў Менску мог бы прайсьці для мяне зусім незаўважна, калі б не той вэрхал у розных мэдыях ды блёгах, які ўзняўся пасьля яго. Разагналі і разагналі – зараз усіх разганяюць: што тут дзіўнага? Але каменты тых, хто заклікае “мачыць” гомасэксуалістаў і пры гэтым лічыць, што іх меркаваньне – цалкам сумяшчальнае з дэмакратычнымі поглядамі, прымусілі ўсё ж крыху абмазгаваць гэтую праблему.

Як і большасьць з тых, хто адкрыта не выказваў гамафобскія погляды, мушу адразу растлумачыць сваё стаўленьне да гомасэксуалізму, каб ні ў кога не было жаданьня пераходзіць на асобы. Я – прыхільнік кансэрватыўных каштоўнасьцяў (хоць і не адмаўляю сваёй прыязьні да некаторых з каштоўнасьцяў лібэральных). І, па шчырасьці, да апошняга часу я ўважаў сябе за гамафоба (у чым зараз пачаў моцна сумнявацца). Прынаймней, выгляд мужчынаў ніякім чынам не правакуе ўва мне жаданьне заняцца сэксам, а выгляд выключна мужчынскай пары вока мне ня радуе. Я – супраць таго, каб называць гомасэксуальныя сувязі “шлюбам”. Але я дапускаю, што ў выпадку ўзьнікненьня эннай масы ахвочых зарэгістраваць свае гомасэксуальныя адносіны ў дзяржаўным парадку, можна стварыць дзеля гэтага адмысловы праўны інстытут.

Тым ня меньш, я не магу не прызнаваць права гомасэксуалістаў на правядзеньне мірных акцыяў, бо лічу, што гэта – неад’емнае права кожнага грамадзяніна. І нават калі б мне было ня дужа прыемна гэта бачыць (а я не магу адказаць загадзя, якую ўнутраную рэакцыю ўва мне гэта выклікала), я лічу, што гэтую непрыемнасьць можна было б перажыць, калі б мне, як прадстаўніку іншых розных групаў меньшасьцяў (беларускамоўныя; нязгодныя з палітыкай ураду; тыя, хто супраць пабудовы АЭС; прыхільнікі парляманцкай рэспублікі і г.д.) таксама дазвалялася вольна ладзіць мірныя акцыі ды ў іх удзельнічаць. Бо дэмакратыя – гэта не тады, калі табе ўсё падабаецца, а тады, калі ты маеш права выказвацца супраць таго, што табе не падабаецца. І фраза “за дэмакратыю трэба плаціць” тычыцца ня толькі часоў, калі ты змагаесься за яе ў несвабоднай краіне, але і тых часоў, калі ты насалоджваесься дабротамі дэмакратыі.

Апроч таго, прапаную зьвярнуць увагу на слова “цярпімасьць” (сынонім талерантнасьці). Нездарма яно аднакарэннае са словам “цярпець”. Але, як мне падаецца, тут гаворка ідзе не пра той выпадак, калі мы вымушаныя штосьці “цярпець” пад страхам рэпрэсіяў ды гвалту, а пра гатовасьць “цярпець” тое, што табе не падабаецца, у імя больш істотных рэчаў. Таму я гатовы цярпець гей-парады ўжо хаця б дзеля таго, каб мець магчымасьць выказацца “супраць” называньня гомасэксуальных саюзаў “шлюбамі”...

18.2.10

“Грэцкі гарэх” бюракратыі

Мне дужа спадабался рашэньне Эўрапейскага Цэнтрабанку прымусіць Грэцыю зьнізіць заробкі дзяржаўным службоўцам ды наймаць кожнага новага дзяржслужбоўцу толькі пасьля сыходу пяці папярэдніх на пэнсію. І справа ня толькі ў тым, што такія захады дазволяць зьменьшыць вялізарны дэфіцыт бюджэту гэтае краіны. І нават не ў асалодзе ад “помсты паскудным чынушкам”, якія фальсіфікавалі дадзеныя статыстыкі, каб Эўразьвяз не разумеў напоўніцу праблемнасьці сытуацыі ў грэцкай эканоміцы.

Перш за ўсё, такое рашэньне мне падабаецца тым, што яно можа (не факт, што так і будзе) зматываваць маладых грэкаў інакш зірнуць на свае жыцьцёвыя пляны. І можа быць, што значна большая частка грэкаў абярэ для сябе шлях адкрыцьця сваёй справы ці проста працы ў бізнэсе замест таго, каб імкнуцца прасоўвацца як мага вышэй па бюракратычнай лесьвіцы. Да таго ж абвастрэньне ўнутрывідавое барацьбы сярод чыноўнікаў можа істотна падкасіць жаданьне “слугаў народу” працягваць руку па хабар. Бо калі пры ранейшым падыходзе дзейнічаў прынцып “рука руку мые”, дык цяпер адна рука за другую і ўхапіць можа.

Зірнуўшы на сытуацыю ў Беларусі, так і хочацца памарыць, каб хто прымусіў пайсьці на такія ж крокі кіраўніцтва нашае краіны. Бо, напрыклад, ад ідэалягічных супрацоўнікаў выканкамаў плёну аніякага, а заробкі ў гэтых найпатрэбных пасадоўцаў – немаленькія. Але ж хто будзе секчы сук, на якім сядзіць? Я да таго, што вертыкаль на месцах складае падмурак уладнай піраміды. Таму валіць гэтую піраміду для тых, хто сядзіць на самым версе – ход неразумны: падаць з вышыні дужа балюча.

Сярод тых, хто хаця б тэарэтычна можа прымусіць беларускія ўлады пайсьці на скарачэньне колькасьці дзяржслужбоўцаў, я бачу толькі 2 кандыдатуры. Адна зь іх – Міжнародны валютны фонд, які пасьля правалу перамоваў па нафце зноў стаў вельмі нават патрэбным беларускім уладам. Тым больш, што бюджэтная дысцыпліна і раней была адным з патрабаваньняў да краіны-атрымльніка крэдытаў. Калі заходнія краіны, якія маюць найбольшы ўплыў на прыняцьце рашэньняў у гэтай арганізацыі, моцна пакрыўдзяцца на апошнія “ня вельмі прыгожыя паводзіны” беларусіх уладаў, дык выставіць такое патрабаваньне яны могуць. Але, улічваючы агульны настрой Захаду на працяг “дыялёгу”, шансы на такі варыянт разьвіцьця падзеяў – невялікія.

Але найбольшы шанец на тое, каб прымусіць беларускія ўлады абмежаваць апетыты чыноўнікаў, мае нават не якаясь краіна ці міжнародная арганізацыя, а “Яе Вялікасьць Эканоміка”. Бо ад ейных законаў немагчыма адгарадзіцца мяжой, іх немагчыма адмяніць дэкрэтам ці ўказам, як немагчыма прымусіць замежных спажыўцоў і бізнэсоўцаў штогод набываць усё больш “беларускага”.

9.2.10

Краіна пад прымусам

Даведаўшыся вынікі апытаньня, праведзенага сярод прадпрымальнікаў Беларусі на замову аб’яднаньня “Перспектыва”, быў вельмі ўражаны адной лічбай. Апынулася, што 58,5% апытаных пачалі прадпрымальніцкую дзейнасьць змушана, бо іншага выйсьця ў людзей проста не было. То бок нават такое добрае пачынаньне, як адкрыцьцё ўласнае справы, большасьць людзей зьдзясьняла пад прымусам!

Цяжка казаць, наколькі гэты факт абумовіў невялікую пасьпяховасьць беларускіх ІП. Прыватна я схільны думаць, што куды больш істотным чыньнікам у гэтым сэнсе ёсьць празьмернае дзяржаўнае рэгуляваньне. У гэтым рэчышчы было б цікава ведаць, колькі з гэтых “змушаных” прадпрымальнікаў цяпер задаволеныя тым, што ўрэшце пачалі працаваць на сябе. Апытаньне пра гэта маўчыць, але, думаецца мне, што далёка ня кожны адказаў бы на гэтае пытаньне шчыра.

Мушу прызнаць: сам факт таго, што людзі ішлі ў прадпрымальнікі ад безвыходнасьці, мяне ня моцна зьдзівіў. Бо ўсе мы горш ці лепш памятаем часы, калі на беларускіх “гігантах прамысловасьці” масава праходзілі скарачэньні пасьля развалу СССР. Але маштабы зьявы сапраўды ўражваюць! Гэта прымусіла чарговы раз задумацца, колькі ж чалавек у нашай краіне займаюцца тым, чым вымушаныя, а ня чым хочуць займацца.

Многія маладыя людзі вымушаныя ісьці служыць у войска; студэнты-бюджэтнікі вымушаныя адпрацоўваць па разьмеркаваньні; мноства нашых суграмадзянаў вымушаныя ехаць за мяжу, каб зарабіць на жыцьцё для сваёй сям’і; многія маладзёны вымушана ідуць працаваць у міліцыю, бо нідзе больш за такую працу такія грошы ня плоцяць; многія настаўнікі вымушана працуюць за невялікі заробак, бо іншай працы ў сваім горадзе можна і не знайсьці. І як поўны антыпод сытуацыі, згаданай мной на пачатку – многія людзі робяцца найманымі працаўнікамі, бо ня могуць пачаць уласную справу...

Улічваючы, што любімы занятак ёсьць адным з істотных складнікаў чалавечага шчасьця, а недахоп апошняга часам змушае людзей ісьці на скрайнія захады, зусім ня дзіўна, што Беларусь мае высокі паказчык па самагубствах.

Безумоўна, заўсёды можна сказаць, што кожны чалавек ёсьць кавалём уласнага шчасьця, і што кожны мае права рабіць свой выбар. Згода. Вось толькі чамусьці атрымліваецца, што альтэрнатывамі выступаюць розныя з пералічаных мной вышэй “вымушаных” варыянтаў.

Каб давершыць карціну, прысьвечаную прымусу, прапаную зьвярнуць увагу на тое, якім чынам прымаюцца рашэньні кіраўніцтвам нашай краіны. Значная частка зь іх прымалася пад прымусам! Узгадайце хаця б продаж “Белтрансгазу” ці БПС-Банку, нерашучыя крокі па лібералізацыі, дэвальвацыю пачатку 2009 году, падпісаньне дакумантаў па АДКБ і г.д. Больш таго, пасьля словаў прэзыдэнта Лукашэнкі пра тое, што ён “наеўся гэтай улады”, складваецца ўражаньне, што балятавацца на чарговы тэрмін ён будзе таксама змушана.

Зрэшты, не выбіваецца з гэтага шэрагу і апазыцыйны асяродак. І гаворка тут ня толькі пра вымушаныя паходы на Бангалёр ці высокія кошты на арэндаваныя памяшканьні. Многія лідэры партыяў ды грамадзкіх аб’яднаньняў працягваюць кіраваць імі, бо проста ня могуць знайсьці сабе іншага занятка, а карміць сям’ю неяк трэба.

У такой сытуацыі ўсё, што можна параіць усім, хто адчувае змушанасьць свайго становішча,- гэта прынаймней захоўваць стан унутранай свабоды. Унутрана вольны чалавек мае больш шансаў стацца вольным насамрэч. Ні ў якім разе не заклікаю імгненна кідаць “змушаныя” заняткі – часам гэта проста немагчыма альбо неразумна. Але ж рабіць пэўныя, хоць бы і невялічкія, крокі ў бок сваіх жаданьняў ды памкненьняў усё ж варта.

Сайт пра родны горад