4.12.09

БАТЭ - Бенфіка (1:2): запозьненыя развагі

Даўно не хадзіў на футбол. Цёплае надвор'е прымусіла схадзіць-такі. Шчыра кажучы, ня бачыў папярэднія гульні БАТЭ з Лізе Эўропы. Але тое, што пабачыў 2 сьнежня, зусім не зьдзівіла. Таму няма ні аптымізму, ні песымізму.

Яшчэ ў першым тайме ўзьнікла адчуваньне, што Бенфіка, якая тады збольшага абаранялася, бяз голу з поля ня сыдзе. Шчэ ў першым тайме "партугальцы" зьдзейсьнілі колькі контратакаў, якія толькі самі і не змаглі пасьпяхова завершыць. Барысаўцы, на жаль, ніяк не маглі ім даць рады. І тое, што ў такіх хуткіх атаках партугальцы і забілі абодва галы (плюс колькі разоў не заьбілі) толькі паказвае слабасьць абарончай гульні БАТЭ.

Таксама зьвярнуў увагу на тое, што вельмі часта абаронцы, атрымліваючы мяч, ня мелі каму яго перадаць наперад. Гульцы Бенфікі вельмі часта абкладалі нашых абаронцаў і з гэтага вынікалі небясьпечныя моманты ля брамы Верамко.

Робячы для сябе высновы, узгадаў футбольлную прымаўку "пакажы мне сваю паўабарону, і я скажу табе, што ў цябе за каманда". Тое, што бальшыня атак БАТЭ праходзіла па схеме "ад абаронцаў - нападнікам" тлумачыцца, думаю, ня толькі тым, што ў другой палове гульні Віктар Ганчарэнка замяніў паўабаронцаў на нападнікаў. Бо праблемы з пераходам ад абароны да атакі былі ўжо ў першай палове гульні.

Сёлетняя Ліга Эўропы паказала, што з усіх стратаў, якія БАТЭ перажыў узімку, найбольш адчувальным стаў зыход Міхала Сівакова. Бо зараз адчуваецца, што камандзе не стае моцнага апрнага паўабаронцы, здольнага першым пасам пачаць атаку каманды, выйсьці да абаронцаў і прыняць мяч ды абарваць атаку суперніка да таго часу, пакуль тая набярэ хуткасьць. Міхаіл Сівакоў мог і па-ранейшаму можа такім гульцом стаць.

Прычым гэтая праблема характэрная ня толькі для барысўскага клюба. Што казаць, калі апантаны ідэяй амаладжэньння зборнай Бэрнд Штанге, выкарысоўвае на гэтай пазыцыі сталага Аляксандра Кульчыя. Бо больш-менш разназначнай замены яму сярод маладых няма. Прыхільнікі БАТЭ могуць пакрыўдзіцца за Дзьмітрыя Ліхтаровіча. Але я лічу, што гэты гулец дастаткова моцны для беларускага чэмпіянату, але ў гульнях з эўрапейскімі клюбамі яму бракуе хуткасьці (і перш за ўсё - у прыняцьці рашэньняў) і фізычных кандыцыяў (усё ж не малады ўжо). Таму, думаю, гэтай зімой БАТЭ варта засяродзіцца на пошуках моцнага апорнага паўабаронцы, магчыма, сярод замежных гульцоў.

Што тычыцца прычынаў, чаму пр роўнай гульні з добрымі эўрапейскімі камандамі мы, як правіла, пакуль саступаем, то тут думаю прычына яшчэ ў тым, што БАТЭ так пакуль і не авалодала майстэрствам "не даваць гуляць іншым". Тыя хуткасныя атакі, пасьля якіх Бенфіка забівала галы, можна і трэба было спыняць шчэ на стадыі разьвіцьця, магчыма, нават коштам фалоў і картак.

Добрыя словы пра БАТЭ я не прыводжу тут адмыслова. Бо ці патрэбныя яны адзінай беларускай камандзе, якая годна гуляе ў Эўропе? Ды і пахваліць барысаўскі клюб і безь мяне ахвочых хапае...

Сайт пра родны горад