12.1.10

Нафтавыя разборкі: сачыце за біржамі

У чарговым нафтавым канфлікце паміж Менскам ды Масквой мяне прыватна найбольш зацікавіла адна дэталь: кошты на нафту папаўзьлі ўгару і многія аналітыкі сьхільныя зьвязваць такі рост як раз з Беларуска-Расейскімі разборкамі. Здавалася б, што тут новага: патэнцыйная няпэўнасьць з пастаўкамі нафты ў Эўропу, натуральна, прывядзе да росту коштаў.

Але справа ня ў гэтым. Справа ў тым, што адзін, а то нават і абодва бакі канфлікту зацікаўленыя ў ягоным працягу. Для Расеі рост коштаў на нафту заўсёды быў галоўным чыньнікам заможнасьці і палітычнай магутнасьці. Для Беларусі – краіны, якая хоць і ня мае багатых запасаў “чорнага золата”, але актыўна яго перапрацоўвае – рост коштаў на нафту таксама хутчэй спрыяльны чыньнік. Да таго ж рост даходаў Расеі прывядзе да таго, што там зьявяцца ў чарговы раз грошы на тое, каб набыць цуды беларускай прамысловасьці, якія тоннамі сумуюць на складах.

Не думаю, што тут можна весьці гаворку пра нейкую змову, ды і ня дужа я захапляюся змоўніцкімі тэорыямі. Аднак Крэмль яшчэ напрыканцы лета 2008 году паказаў сябе неблагім біржавым гульцом. Тады, пасьля заяваў Уладзімера Пуціна на адрас “Мечелу”, а таксама вайсковага канфлікту з Грузіяй кошты акцыяў многіх расейскіх кампаніяў зваліліся долу, а кантраляваны дзяржавай “Внешэкономбанк” кінуўся іх актыўна набываць.

Таму не выключаю, што і ў дадзеным выпадку расейскія ўлады будуць зусім ня супраць правесьці “карэкцыю” коштаў на важны для іх актыў (хоць не думаю, што першаснай прычынай для канфлікту зь Менскам было менавіта жаданьне “падкінуць” кошты на нафту).

У такім выпадку для складаньня больш-меньш якаснага прагнозу ня варта кіравацца “фундаментальным аналізам”, то бок спрабаваць разгадаць схаваныя перамоўныя пазыцыі двух бакоў. Паспрабую толькі ўсталяваць магчымыя межы працягу канфлікту. Няма сумневаў, што ў дадзеным канфлікце Масква, як бок з больш моцнай пазцыяй, гатовая трымацца значна даўжэй. Аднак эскаляцыя канлікту у выглядзе чарговага “абрубону” краніка і сварак з Эўропай ёй таксама непатрэбная.

Таму, на мой погляд, тут варта зьвярнуцца да аналізу тэхнічнага. Зараз кошт на нафту складае крыху больш за 80$ за барэль. Беларускі бок заявіў пра тое, што нафты ў яго хапае на 3 тыдні працы “Нафтану” ды МНПЗ. За гэты час, нават пры істотным абвастрэньні канфлікту, нафта наўрад ці перакрочыць псыхалягічна істотную адзнаку ў 100$ за барэль. А вось 90$ за барэль узяць можна.

Натуральна, што пасьля замірэньня адбудзецца пэўная карэкцыя коштаў. Таму важна, каб кошты на той момант склалі хаця б каля 95$ за барэль. Таму, шаноўнае спадарства, сочачы за разьвіцём Беларуска-Расейскіх перамоваў, зьвяртайце часам увагу на біржавыя каціроўкі. Хаця б дзеля таго, каб ацаніць эфектыўнасьць мэтодаў тэхнічнага трэйдынгу.

Сайт пра родны горад