Гей-парад, які прайшоў больш за тыдзень таму ў Менску мог бы прайсьці для мяне зусім незаўважна, калі б не той вэрхал у розных мэдыях ды блёгах, які ўзняўся пасьля яго. Разагналі і разагналі – зараз усіх разганяюць: што тут дзіўнага? Але каменты тых, хто заклікае “мачыць” гомасэксуалістаў і пры гэтым лічыць, што іх меркаваньне – цалкам сумяшчальнае з дэмакратычнымі поглядамі, прымусілі ўсё ж крыху абмазгаваць гэтую праблему.
Як і большасьць з тых, хто адкрыта не выказваў гамафобскія погляды, мушу адразу растлумачыць сваё стаўленьне да гомасэксуалізму, каб ні ў кога не было жаданьня пераходзіць на асобы. Я – прыхільнік кансэрватыўных каштоўнасьцяў (хоць і не адмаўляю сваёй прыязьні да некаторых з каштоўнасьцяў лібэральных). І, па шчырасьці, да апошняга часу я ўважаў сябе за гамафоба (у чым зараз пачаў моцна сумнявацца). Прынаймней, выгляд мужчынаў ніякім чынам не правакуе ўва мне жаданьне заняцца сэксам, а выгляд выключна мужчынскай пары вока мне ня радуе. Я – супраць таго, каб называць гомасэксуальныя сувязі “шлюбам”. Але я дапускаю, што ў выпадку ўзьнікненьня эннай масы ахвочых зарэгістраваць свае гомасэксуальныя адносіны ў дзяржаўным парадку, можна стварыць дзеля гэтага адмысловы праўны інстытут.
Тым ня меньш, я не магу не прызнаваць права гомасэксуалістаў на правядзеньне мірных акцыяў, бо лічу, што гэта – неад’емнае права кожнага грамадзяніна. І нават калі б мне было ня дужа прыемна гэта бачыць (а я не магу адказаць загадзя, якую ўнутраную рэакцыю ўва мне гэта выклікала), я лічу, што гэтую непрыемнасьць можна было б перажыць, калі б мне, як прадстаўніку іншых розных групаў меньшасьцяў (беларускамоўныя; нязгодныя з палітыкай ураду; тыя, хто супраць пабудовы АЭС; прыхільнікі парляманцкай рэспублікі і г.д.) таксама дазвалялася вольна ладзіць мірныя акцыі ды ў іх удзельнічаць. Бо дэмакратыя – гэта не тады, калі табе ўсё падабаецца, а тады, калі ты маеш права выказвацца супраць таго, што табе не падабаецца. І фраза “за дэмакратыю трэба плаціць” тычыцца ня толькі часоў, калі ты змагаесься за яе ў несвабоднай краіне, але і тых часоў, калі ты насалоджваесься дабротамі дэмакратыі.
Апроч таго, прапаную зьвярнуць увагу на слова “цярпімасьць” (сынонім талерантнасьці). Нездарма яно аднакарэннае са словам “цярпець”. Але, як мне падаецца, тут гаворка ідзе не пра той выпадак, калі мы вымушаныя штосьці “цярпець” пад страхам рэпрэсіяў ды гвалту, а пра гатовасьць “цярпець” тое, што табе не падабаецца, у імя больш істотных рэчаў. Таму я гатовы цярпець гей-парады ўжо хаця б дзеля таго, каб мець магчымасьць выказацца “супраць” называньня гомасэксуальных саюзаў “шлюбамі”...
Subscribe to:
Posts (Atom)