22.11.07

Беларусь - Галяндыя 2:1

Перамога нацыянальнай зборнай над галяндцамі прыемна зьдзівіла. Пасьля паразы ад Люксембургу было складана ўявіць, што праз якія паўтары месяцы нам удасца перайграць нашмат больш моцных прадстаўнікоў так званага Бенілюксу. Натуральна, што дадзеная перамога сама напрошваецца на параўнаньне з перамогай над тым самым супернікам на пачатку чэрвеня 1995 году.
Тады галяндцы былі мацнейшымі: за пару тыдняў да прыезду ў Менск вялікая частка гульцоў той зборнай сьвяткавала перамогу ў Лізе Чэмпіёнаў у складзе амстэрдамскага "Аяксу". Большай была і матывацыя "памаранчовых", бо гулялі ў сярэдзіне адборачнага цыклу, а не ў матчы, які нічога не вырашае.
Тым не меньш, у 95-м беларусы атрымалі перамогу ў цяжкай барацьбе, мужна абараняючы хісткую перавагу (1:0, калі хто не памятае) амаль паўтары таймы. Цяпер мы пабачылі роўную гульню роўных супернікаў, дзе перамог той, хто больш хацеў.
Што ж, як цяпер сталася модна казаць, у Эўропе гуляць у футбол могуць усе. У тым ліку і беларусы.
Апроч таго, гульня крыху праліла сьвятло на выгляд беларускай каманды ў наступным адборчым раўндзе. Бэрнд Штанге пайшоў на кампраміс з крытыкамі і запрасіў-ткі ў каманду Кульчыя, Булыгу (які і забіў першы гол галяндцам) ды Кутузава. Таму ўсё ж такі зьмена пакаленьняў, мабыць, будзе праводзіцца ня так радыкальна, як гэтага хацеў нямецкі адмыслоўца ад самага пачатку.
Ну а нам, заўзятарам, засталося дачакацца лёсаваньня 25 лістапада, даведацца, хто будзе супернікамі нашай каманды і зноў жыць спадзяваньнямі на лепшую будучыню.

No comments:

Сайт пра родны горад