25.10.11

Пра “рубільнік” на тутбаі

Падыход, якім кіраваўся спадар Зіссер, кіруючы сваім парталам (“гэта бізнэс”) мне падабаўся. Я досыць спакойна ставіўся да цэнзуравання форумаў і каментароў на тутбаі, бо верыў (ці, прынаймней ня меў грунтоўных падставаў меркаваць інакш), што прынаймней інфармацыя там не цэнзуруецца. Я лічыў, што рэсурс меў здольнасьць ствараць якасны па беларускіх мерках мэдыйны прадукт.


Так, хтосьці мог казаць пра адсутнасьць занадта жорсткай крытыкі ўладаў. Але як раз такі свабода выбару канцэпцыі дазваляе СМІ не пераўтварацца ў “Хартыю” з аднабокай падачай інфармацыі. Бо, як бізнэс-праект, тутбай меў права на цвярозую ацэнку палітычных рызыкаў.


Але выпадак, калі кіраўніцтва партала “схапілася за рубільнік” пасярод жывога этэру, інакш, як цэнзурай (падкрэсвліваю, не самацэнзурай, а менавіта цэнзурай) назваць я не магу. А цэнзураваны мэдыйны прадукт я ніколі не змагу назваць якасным. І любы, хто вядзе мэдыйны бізнэс, мусіць памятаць: калі цябе злавілі на цэнзуры – адмыць сваю рэпутацыю будзе скрайне складана. Як спажыўцу мэдыйнага прадукту, мне не цікава мець справу з цэнзураваным кантэнтам. І нават пагроза з боку ўладаў не можа апраўдаць такога бізнэсоўцу. Мне не істотна, чаму прадукт цэнзуруецца, для мяне галоўнае, што ён у прынцыпе цэнзуруецца, а значыць не адпавядае маім патрабаванням да якасьці.


Абрубанне эфіру 25 кастрычніка інакш, як цэнзурай, я назваць не магу. Выказванне рэдактара Марыны Золатавай пра тое, што інтэрвію Лявона Вольскага “супярэчыла канцэпцыі партала” не вытрымлівае аніякай крытыкі. Бо, калі асоба ня здольная ўпісацца ў канцэпцыю СМІ, яе туды проста не запрашаюць. А рэгуляванне кантэнту кнопкай “гэта нам падыходзіць, а гэта – не” можна назваць выключна цэнзурай. Як я, як спажывец медыйнага прадукту, магу быць пэўны, што ня ўвесь кантэнт парталу ствараецца менавіта такім чынам? Тым больш, што спадар Зіссер указаў на “недагляд нашых супрацоўнікаў”. То бок увесь астатні час супрацоўнікі “даглядаюць”? То бок цэнзура – гэта нармальная практыка парталу?


Як спажывец, я абіраю адзін варыянт – не карыстацца цэнзураванай крыніцай інфармацыі. Прынаймней, пакуль не пераканаюся ў тым, што той, хто вядзе бізнэс, выправіў свае памылкі і кантэнт больш не цэнзуруецца. Менавіта таму па дзяржтэлевізіі я гляджу толькі спартовыя трансляцыі, а на “Хартыю” заходжу выключна па спасылках, якія зацікавілі мяне ў сацыяльных сетках. Думаю, і на тутбай пэўны час я буду заходзіць хіба тым самым шляхам.


Натуральна, я не чакаю, што большая частка карыстальнікаў парталу зробіць тое самае, прымусіўшы паплаціцца мэдыябізнэс за цэнзуру. Бо прычыны, чаму людзі там зьяўляюцца, ёсьць самыя розныя: хтосьці чытае яго па працы, хтосьці – цікавіцца толькі разьдзеламі пра ежу, пітво, аўто ды да т.п. Ды і маральныя патрабаванні, якія прад’яўляе наша грамадзтва да крыніцаў інфармацыі, пакуль не настолькі жорсткія.

Адзіная праблема для мяне хіба ў тым, што месца тутбая ў аб’ёме чытаных мною крыніцаў наўрад ці будзе занятая беларускімі рэсурсамі. Якаснага беларускага кантэнту жахліва мала. Ну што ж, давядзецца спажываць замежны, веданне іншых моваў мне гэта зрабіць дазволіць.

11.1.11

Урокі дэмакратыі

Выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра большасьць і меньшасьць у беларускім грамадзтве ўзрушыла шмат каго з прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці. Пасьля 19 сьнежня ўсе мы сталі сьведкамі таго, якім чынам афіцыйныя ўлады Беларусі абыходзяцца зь меньшасьцю. Такое абыходжаньне, у спалучэньні з правядзеньнем выбараў прэзыдэнта не ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ, выклікала абурэньне ў палітычных колах на Захадзе, і ўжо зараз з высокай доляй імавернасьці можна казаць пра пэрспэктывы ўвядзеньня санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі з боку Эўразьвязу ды ЗША. Пытаньне хіба што толькі ў тым, наколькі жорсткімі гэтыя санкцыі будуць.


Не хачу зараз спыняцца на санкцыях з боку Захаду. На мой погляд, у беларусаў няма аніякага права патрабаваць ані больш жорсткага, ані больш мяккага падыходу. Бо кіраўнікоў заходніх дзяржаваў абіралі ня мы, і не перад намі ім несьці адказнасьць за свае рашэньні. Усё, што мы можам зрабіць – гэта інфармаваць Захад аб рэальным становішчы ў нашай краіне.


Я б хацеў зьвярнуцца да пытаньня абыходжаньня зь меншасьцю ў дэмакратычных колах Беларусі. Бо, як на мой погляд, тут гэтым, як і на дзяржаўным роўні, далёка ня ўсё ў парадку. Мы нярэдка робімся сьведкамі канфліктных сытуацыяў у розных партыях, грамадзкіх аб’яднаньнях ды кааліцыях. І часьцей за ўсё, як і на дзяржаўным роўні, такія канфлікты сканчаліся лабавым сутыкненьнем двух бакоў з развязкай у выглядзе формулы “пераможца атрымлівае ўсё”. Прычым у “міждэмакратычнай” барацьбе выкарыстоўваюцца разнастайныя сродкі: ад публічных абразаў да выключэньня з арганізацыяў (партыяў), зьмены офісных замкоў,пароляў ад арганізацыйных сайтаў і да т.п. Часам узьнікае адчуваньне, што калі б “дэмакраты” валодалі тымі самымі сродкамі, што і “злачынны рэжым”, дык “міждэмакратычныя разборкі” мала чым бы адрозьніваліся ад “дзяржаўных рэпрэсій”.


Што цікава, у часы такіх разборак многія аналітыкі і незалежныя СМІ нярэдка пераўтвараюцца ў інструманты прапаганды для аднаго з бакоў канфлікту. А некаторыя спробы выступіць пасярэднікам хутчэй нагадваюць показку пра кіроўцу аўтобуса, які, жадаючы прымірыць белых і чорнаскурых пасажыраў, назваў іх зялёнымі, а пасьля скамандаваў: “цёмна-зялёныя – у пярэднія дзьверы, сьветла-зялёныя – у заднія”.


Працэдуры прыняцьця рашэньняў у межах асобных партый, арганізацый ды кааліцый таксама пакідаюць шмат пытаньняў. Шмат якія масштабныя мерапрыемствы ў дэмакратычных колах праходзяць па сцэнары, мала адрозным ад ганьбаванага “дэмакратамі” “усенароднага хуралу”: праграма мерапрыемства, будучыя рашэньні і рознага кшталту рэзалюцыі загадзя рыхтуюцца кіраўніцтвам, а ў працэсе ўсё гэта хуценька ўзгадняецца падняцьцем рук. У такой сытуацыі вінаватыя ня толькі лідэры, якія вырашаюць уласныя мэты рукамі “простых дэлегатаў”, але і самі шэраговыя актывісты, якія звыкліся разважаць “ім там у Менску лепш бачна, хай яны думаюць, а я буду выконваць”.


Мне не хацелася б, каб дадзены пост хтосьці ўспрыняў, як абарону дзеяньняў улады. Да таго ж, я наўмысна не спыняўся на канкрэтных выпадках з жыцьця беларускай дэмакратычнай супольнасьці, абмежаваўшыся агульнымі апісаньнямі, каб не ствараць новых “монстраў” у якасьці аб’ектаў для нападаў. Апошнія падзеі далі дэмакратычнай супольнасьці новы шанец на тое, каб скончыць унутраныя разборкі і ўзяцца за супольную працу. І каб скарыстацца з гэтай магчымасьці, трэба знайсьці ў сабе сілы адкінуць былыя крыўды і перастаць пераходзіць на асобы.


Таксама мне хацелася паказаць, што ня толькі беларускі народ цалкам, але і шмат хто зь ягоных прадстаўнікоў, якія бачаць сябе барацьбітамі за дэмакратыю, да канца да гэтае дэмакратыі не сасьпелі. Прыватна мне вельмі не падабаецца, што дэмакратыя для кагосьці можа быць патрэбная толькі дзеля прыходу да ўлады, як гэта было ў свой час у выпадку “дэмакратычнага дэпутата” Аляксандра Лукашэнкі.


Дзеля таго, каб наша краіна сасьпела да дэмакратыі, кожны з нас павінен банальна пачаць з сябе. Палітыкі і грамадзкія дзеячы павінны адмовіцца ад брудных прыёмаў супраць сваіх паплечнікаў на карысьць цывілізаваных перамоваў. Аналітыкі і свабодныя журналісты мусяць адмовіцца ад “джынсавых” артыкулаў і паліваньня брудам дзеля зьвядзеньня асабістых рахункаў.


Прыватна я веру ў тое, што рана ці позна прадстаўнікі розных плыняў дэмакратычнага актыву навучацца дамаўляцца між сабою. І спадзяюся, што выпрацоўка гэтых навыкаў будзе адбывацца ня ў межах супольнага бараку ў канцлягеры.

Сайт пра родны горад