4.12.09
БАТЭ - Бенфіка (1:2): запозьненыя развагі
Яшчэ ў першым тайме ўзьнікла адчуваньне, што Бенфіка, якая тады збольшага абаранялася, бяз голу з поля ня сыдзе. Шчэ ў першым тайме "партугальцы" зьдзейсьнілі колькі контратакаў, якія толькі самі і не змаглі пасьпяхова завершыць. Барысаўцы, на жаль, ніяк не маглі ім даць рады. І тое, што ў такіх хуткіх атаках партугальцы і забілі абодва галы (плюс колькі разоў не заьбілі) толькі паказвае слабасьць абарончай гульні БАТЭ.
Таксама зьвярнуў увагу на тое, што вельмі часта абаронцы, атрымліваючы мяч, ня мелі каму яго перадаць наперад. Гульцы Бенфікі вельмі часта абкладалі нашых абаронцаў і з гэтага вынікалі небясьпечныя моманты ля брамы Верамко.
Робячы для сябе высновы, узгадаў футбольлную прымаўку "пакажы мне сваю паўабарону, і я скажу табе, што ў цябе за каманда". Тое, што бальшыня атак БАТЭ праходзіла па схеме "ад абаронцаў - нападнікам" тлумачыцца, думаю, ня толькі тым, што ў другой палове гульні Віктар Ганчарэнка замяніў паўабаронцаў на нападнікаў. Бо праблемы з пераходам ад абароны да атакі былі ўжо ў першай палове гульні.
Сёлетняя Ліга Эўропы паказала, што з усіх стратаў, якія БАТЭ перажыў узімку, найбольш адчувальным стаў зыход Міхала Сівакова. Бо зараз адчуваецца, што камандзе не стае моцнага апрнага паўабаронцы, здольнага першым пасам пачаць атаку каманды, выйсьці да абаронцаў і прыняць мяч ды абарваць атаку суперніка да таго часу, пакуль тая набярэ хуткасьць. Міхаіл Сівакоў мог і па-ранейшаму можа такім гульцом стаць.
Прычым гэтая праблема характэрная ня толькі для барысўскага клюба. Што казаць, калі апантаны ідэяй амаладжэньння зборнай Бэрнд Штанге, выкарысоўвае на гэтай пазыцыі сталага Аляксандра Кульчыя. Бо больш-менш разназначнай замены яму сярод маладых няма. Прыхільнікі БАТЭ могуць пакрыўдзіцца за Дзьмітрыя Ліхтаровіча. Але я лічу, што гэты гулец дастаткова моцны для беларускага чэмпіянату, але ў гульнях з эўрапейскімі клюбамі яму бракуе хуткасьці (і перш за ўсё - у прыняцьці рашэньняў) і фізычных кандыцыяў (усё ж не малады ўжо). Таму, думаю, гэтай зімой БАТЭ варта засяродзіцца на пошуках моцнага апорнага паўабаронцы, магчыма, сярод замежных гульцоў.
Што тычыцца прычынаў, чаму пр роўнай гульні з добрымі эўрапейскімі камандамі мы, як правіла, пакуль саступаем, то тут думаю прычына яшчэ ў тым, што БАТЭ так пакуль і не авалодала майстэрствам "не даваць гуляць іншым". Тыя хуткасныя атакі, пасьля якіх Бенфіка забівала галы, можна і трэба было спыняць шчэ на стадыі разьвіцьця, магчыма, нават коштам фалоў і картак.
Добрыя словы пра БАТЭ я не прыводжу тут адмыслова. Бо ці патрэбныя яны адзінай беларускай камандзе, якая годна гуляе ў Эўропе? Ды і пахваліць барысаўскі клюб і безь мяне ахвочых хапае...
16.10.09
Крыху пра “змову з рэжымам”
Адным з важных этапаў у дзейнасьці польскай “Салідарнасьці” стаўся кольны стол з удзелам ПРЛаўскай партыйнай эліты і прадстаўнікоў апазыцыі. Менавіта на тым стале была дасягнута дамоўленасьць аб правядзеньні вольных выбараў, што і сталася пачаткам канцу (калі не лічыць такім пачаткам сам факт стварэньня “Салідарнасьці”) сацыялістынага рэжыму ў Польшчы. Таму на заявы спадара Бандарэнкі найбольш разумным адказам было б “вашыя б словы ды Богу ў вушы”.
Безумоўна, шмат хто з актыўных змагароў з рэжымам можа не пагадзіцца з такой маёй думкай. Маўляў, як можна дамаўляцца з “крывавым дыктатарам”? Прывяду свае аргуманты.
Хто ведае хоць троху гісторыю “Салідарнасьці”, пагодзіцца, што рэжым, усталяваны ў Польскай Рэспубліцы Людовай, быў аніяк ня меньш “крывавы”, чым сёньняшні рэжым Лукашэнкі. Адно толькі “ваеннае становішча” чаго вартае.
Другое, сам факт наяўнасьці некіх дамоўленасьцяў Лукашэнкі з прадстаўніком апазыцыі можа азачаць толькі тое, што дзейсны кіраўнік Беларусі страціў былую моц. Як гэта, дамаўляцца з кімсьці, калі ты - валадар краіны ды можаш рабіць што захочаш? Згодна з лёгікай палітыка Аляксандра Лукашэнкі, дамаўляцца можна з роўным табе, ці з мацнейшым (з Пуціным, напрыклад). Але дамаўляцца з апазыцыяй – значыць паставіць яе нароўні з сабою, зрабіць паўнавартасным палітычным суб’ектам. Зразумела, што каб кіраўнік дзяржавы пайшоў на такое, трэба, каб ягонае становішча было надзвычай кепскім.
І нават калі ўявіць сабе, што гаворка ідзе пра звычайную “куплю” Мілінкевіча, трэба задумацца, як проста тэхнічна аформіць такую дамову. Пісьмова? Дык Мілінкевіч адразу ж з перамоваў можа ірвануць да прэсы з экзэмплярам непрыгожае дамовы. У вуснай – тады можа банальна “кінуць на бабкі”, не выканаўшы свае абавязкі па дамове. Ну што ты яму зробіш? Не псаваць жа адносіны з Эўропай, пасадзіўшы яго...
31.8.09
Беларусь - у Эўразьвяз: хоць сагрэемся
Пазыцыя прыхільніка эўраінтэграцыі даволі зручная для палітычных сілаў: колькасьць людзей, якія выступаюць за збліжэньне з Эўразьвязам год ад году расьце. Таму, здавалася б, варта толькі ўстойліва зьвязаць сваё імя з гэтай тэматыкай – і палітчны капітал проста сам “у рот пацячэ”. Нешта падобнае зрабіў у свой час дзейсны прэзыдэнт краіны, вырваўшы ў Кебіча званьне “галоўнага інтэгратара з Расеяй”.
Аднак, далей за агульныя фразы пра неадрыўнасьць Беларусі і Эўропы (канешне, мы ж і так у самым цэнтры гэтай Эўропы знаходзімся) палітыкі не ідуць. Шмат кажацца таксама пра тое, як добра жыць у Эўразьвязе ды ездзіць бяз візы па ўсім кантыненце.
Між тым пытаньне, наколькі варта Беларусі імкнуцца да ўваходжаньня ў Эўразьвяз – не такое простае, як можа падацца.
Галоўная прычына – у бліжэйшы час нас там ніхто не чакае. Эўразьвяз, зьдзесьніў вялізнае пашырэньне ў 2004 і 2007 гг. Цяпер зьвязу патрэбна даволі шмат часу, пакуль новыя краіны-сябры наблізяцца да старой 15-кі па ўмовах жыцьця ды роўню эканамічнага разьвіцьця. На гэта могуць спатрэбіцца дзесяцігодзьдзі. Сярод старых сябраў ЭЗ усё меньш прыхільнікаў ідэі далейшага пашырэньня.
У такіх умовах ставіць перад краінай мэту ўвайсьці ў Эўразьвяз было б неразумна. Хаця б з той прычыны, што дасягненьне гэтай мэты не залежыць выключна ад Балрусі. Варта прыгадаць, што сярод Капенгагенскіх крытэраў, якія рэгулююць уваходжаньне новых сябраў у ЭЗ, ёсьць і такі, як гатовасьць самога ЭЗ да прыняцьця новых сябраў. Прычым каб заблякаваць ўваходжаньне Беларусі ў ЭЗ, дастаткова нязгоды на гэта адной краіны-сябра.
У такіх умовах мэта па ўваходжаньні Беларусі ў ЭЗ хутчэй падобная на працэс дзеля працэсу: не дагонім, дык хоць сагрэемся.
У гэтым сэнсе пазыцыя прэзідэнта Лукашэнкі, які выступае за стварэньне зоны ввольнага гандлю з ЭЗ, выглядае нават больш пасьлядоўнай. Хоць, натуральна, варта прызнаць, што кантакты з Эўропай для яго – хутчэй дбаньне пра захаваньне асабістай улады, чымсі клопат пра дабрабыт Беларусі.
6.8.09
Сысьці ад самападману
Мы ўжо звыкліся з тым, што беларускі ўрад рэгулярна "малюе прыгожую карцінку" стану нашай эканомікі. Скажэньне рэальнасьці з мэтай прыхаваць існыя праблемы - тыповая зьява ў несвабодных краінах. Прыкра, што такія мэтады робяцца ўсё больш папулярнымі сярод палітыкаў дэмакратычнай ськіраванасьці. У зьвязку з гэтым хочацца прыгадаць выслоўе з клясычнага фільму "17 мгновений весны" (прыватна я лічу што гэта - найлепшы савецкі фільм), якое прыкладна гучала так: "Любоў да Радзімы палягае ня ў тым, каб беззваротна падманваць сяброў па партыі"...
Мне прыгадаўся выбарчы зьезд Партыі БНФ, напярэдадні якога паплечнікі кандыдатаў на пост старшыні партыі Вячоркі і Міхалевіча актыўна спрачаліся між сабою ў інфармацыйнай прасторы. Пры гэтым абодва бакі, аднак, катэгарычна адмаўлялі магчымасьць расколу партыі. Зразумела, што публічна прызнаць такую магчымасьць - азначае заўчасна аслабіць пазыцыі партыі. Хаця, як па мне, што можа стацца з партыяй, рэйтынг якой - на мяжы статыстычнай хібнасьці? Але галоўнае, што і ў прыватных размовах мне даводзілася чуць тое самае: расколу няма, усё будзе добра.
Праз пэўны час Міхалевіча выключылі з ПБНФ. Не зьбіраюся прыводзіць сваё меркаваньне на конт справядлівасьці гэтага рашэньня - бойкі на гэты конт у віртуальнай прасторы ўжо даўно прайшлі, і выбягаць махаць рукамі на пусты рынг неяк ня хочацца. Галоўнае, што выключэньне Міхалевіча пацьвердзіла тое, што раскол у БНФ быў. Раскол не дэ-юрэ, але дэ-факта.
Адпаведна ўзьнікае пытаньне: выказваньні бакоў перад зьездам - гэта неразуменьне сытуацыі ці самападман? Палітыкі не прадбачылі магчымасьць такога разьвіцьця падзей, ці проста легкадумна спадзяваліся, што "ўсё абыдзецца"?
Зараз мы назіраем бадай яшчэ больш яскравы прыклад. Распад Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, іх няздольнасьць знайсьці агульную платформу і вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты прызнаюць шматлікія аналітыкі ды канкурэнты. З боку АДС - усё тое ж "расколу няма, усё ў норме". І тут атрымліваецца непрыемная сытуацыя: калі аўтары такіх пасылаў усьведамляюць факт развалу кааліцыі, то яны - манюкі, калі не - недальнабачныя. Прычым такі закон, як я заўважыў, дзейнічае ў большасьці падобных выпадкаў.
Зыход ад рэальнасьці людзі могуць дазволіць сабе ў прыватным жыцьці (каб пазбыцца лішніх стрэсавых чыньнікаў, напрыклад), але ніяк - у палітыцы ці эканоміцы. Бо кошт такога "адрыву" часта бывае завялікі.