Мы ўжо звыкліся з тым, што беларускі ўрад рэгулярна "малюе прыгожую карцінку" стану нашай эканомікі. Скажэньне рэальнасьці з мэтай прыхаваць існыя праблемы - тыповая зьява ў несвабодных краінах. Прыкра, што такія мэтады робяцца ўсё больш папулярнымі сярод палітыкаў дэмакратычнай ськіраванасьці. У зьвязку з гэтым хочацца прыгадаць выслоўе з клясычнага фільму "17 мгновений весны" (прыватна я лічу што гэта - найлепшы савецкі фільм), якое прыкладна гучала так: "Любоў да Радзімы палягае ня ў тым, каб беззваротна падманваць сяброў па партыі"...
Мне прыгадаўся выбарчы зьезд Партыі БНФ, напярэдадні якога паплечнікі кандыдатаў на пост старшыні партыі Вячоркі і Міхалевіча актыўна спрачаліся між сабою ў інфармацыйнай прасторы. Пры гэтым абодва бакі, аднак, катэгарычна адмаўлялі магчымасьць расколу партыі. Зразумела, што публічна прызнаць такую магчымасьць - азначае заўчасна аслабіць пазыцыі партыі. Хаця, як па мне, што можа стацца з партыяй, рэйтынг якой - на мяжы статыстычнай хібнасьці? Але галоўнае, што і ў прыватных размовах мне даводзілася чуць тое самае: расколу няма, усё будзе добра.
Праз пэўны час Міхалевіча выключылі з ПБНФ. Не зьбіраюся прыводзіць сваё меркаваньне на конт справядлівасьці гэтага рашэньня - бойкі на гэты конт у віртуальнай прасторы ўжо даўно прайшлі, і выбягаць махаць рукамі на пусты рынг неяк ня хочацца. Галоўнае, што выключэньне Міхалевіча пацьвердзіла тое, што раскол у БНФ быў. Раскол не дэ-юрэ, але дэ-факта.
Адпаведна ўзьнікае пытаньне: выказваньні бакоў перад зьездам - гэта неразуменьне сытуацыі ці самападман? Палітыкі не прадбачылі магчымасьць такога разьвіцьця падзей, ці проста легкадумна спадзяваліся, што "ўсё абыдзецца"?
Зараз мы назіраем бадай яшчэ больш яскравы прыклад. Распад Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, іх няздольнасьць знайсьці агульную платформу і вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты прызнаюць шматлікія аналітыкі ды канкурэнты. З боку АДС - усё тое ж "расколу няма, усё ў норме". І тут атрымліваецца непрыемная сытуацыя: калі аўтары такіх пасылаў усьведамляюць факт развалу кааліцыі, то яны - манюкі, калі не - недальнабачныя. Прычым такі закон, як я заўважыў, дзейнічае ў большасьці падобных выпадкаў.
Зыход ад рэальнасьці людзі могуць дазволіць сабе ў прыватным жыцьці (каб пазбыцца лішніх стрэсавых чыньнікаў, напрыклад), але ніяк - у палітыцы ці эканоміцы. Бо кошт такога "адрыву" часта бывае завялікі.
No comments:
Post a Comment