30.12.07

Трывожны Пакістан

Забойства былой прэм'ер-міністаркі Бэназір Бхутта чарговы раз нагадала пра тое, які ж цесны стаў наш сьвет. І справа тут нават ня ў тым, што праз шматлікія мэдыі пра дадзеную падзею загаманіў увесь сьвет. Бо насамрэч глябалізацыя пачалася не з Інтэрнэту ды міжнародных фінансавых апэрацыяў, а з вынаходніцтва сярэдзіны XX стагодзьдзя - ядравай зброі.
А з 1998 году, калі дадзенай вайсковай тэхналёгіяй авалодаў Пакістан, чалавецтва ўжо ня мае магчымасьці ўспрымаць унутраныя канфлікты і крызісы ў гэтай краіне, як штосьці чужое і далёкае. Нікому, думаю, ня трэба даводзіць, што калі ядравы арсэнал патрапіць у рукі груповак, павязаных з Аль-Каідай, спакойны сон будзе толькі марай для многіх мільёнаў людзей.
Ужо зараз сытуацыя ў краіне не выглядае стабільнай. Выбары, што маюць адбыцца 8 студзеня, знаходзяцца пад пагрозай. Плянаваны альянс Бхутта з прэзыдэнтам Мушаррафам распадаецца і знайсьці замену асобе былой кіраўнічкі ўраду будзе вельмі няпроста. Адзінай магчымай кандыдатурай можа стацца таксама былы прэм'ер Наваз Шарыф. Аднак тут ёсьць адна праблема: менавіта Шарыфа адхліў ад улады Мушараф падчас вайсковага перавароту ў 1999 годзе. Ніводная палітычная сіла краіны ня можа пахваліцца адначасова ўплывовасьцю як сярод насельніцтва, так і сярод вайсковай ды цывільнай бюракратыі. Калі шчэ які месяц таму актыўна абмяркоўваліся пляны пабудовы ў краіне дэмакратыі, дык цяпер гаворка ідзе хіба што пра падтрыманьне мінімальнага правапарадку.
У такой сытуацыі дзіўнымі выглядаюць малаактыўныя паводзіны буйнейшых гульцоў міжнароднай арэны - ЗША, Эўразьвязу, Расеі, ААН і г.д. Выказваньне спачуваньняў ды асуджэньне трэакту - рэчы, безумоўна, патрэбныя. Але ці дастатковыя? Заўсёды лепш прадухіляць канфлікты, чым разьбірацца з іх наступствамі.
Паразуменьня між асноўнымі палітычнымі гульцамі Пакістану зараз няма. Кожны зь іх імкнецца скарыстаць забойства Бхутта ў сваіх мэтах. І пасадзіць іх за стол перамоваў можа зараз толькі група староньніх пасярэднікаў. Альбо новыя непажаданыя падзеі.
Зразумела, што ЗША і Расея жывуць зараз будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі, Эўразьвяз заняты рэалізацыяй новага Лісабонскага пагадненьня. Усе разам пагрузьлі ў праблеме Косава. Ды яшчэ і навагоднія сьвяты.

13.12.07

Абаранілі незалежнасьць...

12 сьнежня прайшла акцыя ў абарону незалежнасьці, зладжаная Партыяй БНФ сумесна з іншымі апазыцыйнымі арганізацыямі. Зразумелым выглядае турбота БНФ адносна пагрозы страты Беларусьсю незалежнасьці. Аднак зьдзіўляе няздольнасьць апазыцыйных колаў знаходзіць новыя формы барацьбы за свае каштоўнасьці.
Так, абгрунтоўваючы правядзеньне вулічнай акцыі, лідары БНФ ня здолелі прывесьці моцных аргумантаў, якія пераконвалі б грамадзкасьць у рэальнасьці пэрспэктывы падпісаньня Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы. Напрыклад, новаабраны старшыня спадар Баршчэўскі сказаў толькі, што сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам самім сваім фактам нясуць у сабе пэўную долю небясьпекі. Як мне падаецца, сумнеўны аргумант. Дык што, у такім разе прэзыдэнтам дзьвух краінаў-суседак ня варта сустракацца ўвогуле?
Вельмі слабой выглядала і інфармацыйная кампанія акцыіі. Калі гэта ня так, дык чаму прыйшло так мала людзей? Магчымыя 2 варыянты адказу:
1. Малая колькасьць людзей успрымае незалежнасьць, як каштоўнасьць, вартую абароны. Тэза даволі спрэчная, бо шмат каму з нас вядома пра тэндэнцыю зьніжэньня колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі нашай краіны з Расеяй. Аднак пытаньні гатовасьці да інтэграцыі і незалежнасьці нельга ўважаць за ідэнтычныя, хоць, безумоўна, яны моцна між сабою павязаныя.
2. Малая колькасьць людзей успрымае пагрозу незалежнасьці, як рэальную альбо мала хто верыць, што гэта можа адбыцца менавіта зараз.
Безумоўна, усё можна сьпісаць на традыцыйную прычыну - страх. Але прыклады асобных акцыяў кажуць пра здольнасьць нават не самага гарачага беларускага грамадзтва актыўна рэагаваць на рэальныя выклікі, перадольваць жаданьне застацца на кухні.
Вынік бачны ўсім. Пэўны розгалас у інтэрнэце ды незалежных СМІ. А яшчэ ЧМТ у Зьмітра Хведарука. Няўжо дзеля таго, каб узьняць дыскусію сярод грамадзкіх элітаў варта чарговы раз падстаўляць моладзь пад дубінкі?
Чарговы раз прыватна я атрымаў прыклад павярхоўнасьці падыходу да новых выклікаў з боку апазыцыйных элітаў. У палітыцы вельмі важна хутка прымаць рашэньні, але чаму гэтыя рашэньні не вылучаюцца разнастайнасьцю?
Звычайна новаабранаму кіраўніцтву прынята даваць 100 дзён, вызваляючы іх ад крытыкі. Але ж новым кіраўніцтва БНФ можна назваць даволі ўмоўна. Ды яны і самі, я думаю, разумеюць, што столькі часу ў іх можа і ня быць.

11.12.07

Сарказі і Каддафі: час выконваць абяцанкі

Факт сустрэчы прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі з лібійскім дыктатарам Муамарам Каддафі абурыў шмат каго ў дэмакратычнай эўрапейскай супольнасьці. Найверагодней, дадзены візыт і шматмільённыя кантракты, падпісаныя Францыяй і Лібіяй, сталіся наступствам перамоўнага працэсу наконт лёсу баўгарскіх мэдыкаў, якія вяла жонка Сарказі. У гэтым пляне дзеяньні Каддафі падобныя да крокаў Аляксандра Лукашэнкі: спачатку ўзяць "закладнікаў", пасьля - выгандляваць за іхную свабоду пэўныя эканамічныя выгоды. Таму ня дзіва, што супраца з такімі кіраўнікамі дзяржаваў выклікае абурэньне.
Аднак варта зірнуць на праблему з іншага боку. Падчас перамоваў увесь Сьвет быў усхваляваны лёсам мэдсёстраў з Баўгарыі і кошт, які плацілі лібійскаму дыктатару, мала каго цікава. І справядліва, бо гаворка ішла пра людзкія жыцьці, якія немагчыма ацаніць грашыма.
Цяпер проста надышоў час выконваць свой пункт праграмы. І невыкананьне яго з боку Сарказі мог бы да нуля зьнізіць кошт слова дэмакратычнага палітыка. А гэтага наўрад ці хацелася б асобам, якія вызнаюць сябе за дэмакратаў.
Да таго ж варта ацаніць пазытыўна магчымыя наступствы гэтых кантратаў для лібійскай эканомікі, што так ці інакш зьвязана з роўням жыцьця шэраговых лібійцаў. Думаю, што наўрад ці каму так прагнецца, каб жыхары гэтай краіны жылі ў беднаце.
Так што Лукашэнка атрымаў добры прыклад. Іншая справа, што кіраўніка эўрапейскай дзяржавы наўрад ці будуць вымяраць паводле "афрыканскіх" крытэраў. Ды і казыроў на руках у прэзыдэнта Беларусі куды меньш.

6.12.07

Хто назваў мядзьведзя Мухаммэдам?

Выпадак з брытанскай выкладчыцай, якая дазволіла маленькім дзеткам назваць цацачнага мядзьведзіка Мухаммэдам і была за гэта арыштаваная суданскай паліцыяй, нагадаў пра гісторыю карыкатурыстаў з Даніі ды чарговы раз узьняў пытаньне балянсу між рэлігійнымі пачуцьцямі ды грамадзянскімі свабодамі.

А яшчэ гэтая гісторыя нагадала мне, якія мы ўсё ж такі розныя: мы ("заходнікі", хрысьціяне - кожны прывядзе для сябе свой адпаведнік) і яны (адпаведна "усходнікі", мусульмане і г.д.). І бадай галоўнае адрозьненьне між намі - растаноўка прыярытэтаў між дзяржавай і царквой. Калі для "заходнікаў" першаснае значэньне маюць законы, праўныя прынцыпы, дык для мусульманаў - рэлігійныя нормы, на якіх і грунтуюцца права з дзяржавай. Паказальны прыклад таму - неабходнасьць для рознага кшталту банкаў ствараць адмысловыя фінансавыя мэханізмы, каб прыцягнуць заможных мусульманскіх кліентаў, якім Каран не дазваляе атрымліваць прыбытак у якасьці адсоткаў з пазычанага капіталу. Хтосьці гэта вытлумачыць адсталасьцю нашчадкаў Мухаммэда: маўляў, эканамічнае дамінаваньне заходняга сьвету і ладу жыцьця відавочнае, чалавек (і асабліва - жанчына) пачуваецца ў заходніх краінах больш вольна. А з іншага боку, калі большасьць краінаў разьвітога капіталізму перажывае зараз дэмаграфічны спад, насельніцтва мусульманскіх краінаў расьце.

Напэўна ніколі дагэтуль пытаньне ўзаемнага суіснаваньня хрысьціянаў ды мусульманаў не паўставала так гостра, як цяпер. Цяпер, калі Турэччына імкнецца ўвайсьці ў Эўразьвяз, калі ўзаемнае пранікненьне капіталаў вельмі значнае, калі энэрганосьбіты з кожным годам робяцца ўсё больш каштоўнымі, калі шмат якія дзяржавы валодаюць ядравай зброяй ці імкнуцца завалодаць ёй. І ад вырашэньня гэтага пытаньня залежыць адпаведна таксама шмат, як ніколі. Нават прамовіць баюся...

5.12.07

Уга Чавэс - "кульгавая качка"?

Параза Уга Чавэса на апошнім рэферэндуме, які мог адчыніць яму дарогу да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва, сталася абсалютна нечаканай для ўсяго Сьвету. Настолькі нечаканай, што паверыць у яе было досыць цяжка.
Зразумела, што мне цяжка выказваць цалкам кампэтэнтнае меркаваньне, бо мае веданьні палітычнай сытуацыі і ходу агітацыйнай кампаніі ў Венесуэле абмежаваныя. Але ўсё ж выкажу колькі асацыяцыяў.
Па-першае, зьдзівіла, што Чавэсу так і не ўдалося ўзяць пад кантроль усю палітычную сыстэму краіны. І гэта пры татальным кантролі мэдыяў, нафтагазавага сэктару краіны. Выглядае на тое, што абвесьціць сфальшаваныя вынікі яму не дазволілі вайскоўцы.
А па-другое, дзіўным выглядае сам факт электаральнай паразы адыёзнага венесуэльскага прэзыдэнта. Вытлумачыць гэта можна хіба што тым, што сярод электарату Чавэса ёсьць ня толькі прыхільнікі "сацыялістычнай халявы" але і "рэвалюцыянэры-рамнтыкі", якім уласьціва свабодалюбства. Іх галасоў магло і не хапіць.
Параза на рэферэндуме ператварыла Чавэса з дынамічнага, хоць і сваеасаблівага, лідэра ў кульгавую качку, хай сабе і з перспектывай праўленьня да 2013 году.
Чым жа яму заняцца, калі бліскучая палітычная кар'ера апынулася так моцна падрэзанай на самым узьлёце? Быць можа пайсьці шляхам... свайго галоўнага ворага Джорджа Буша, які напрыканцы свайго прэзыдэнцкага тэрміну вырашыў заняцца пытаньнем міру на Блізкім усходзе. Вось толькі рэнамэ міратворцы падпсаванае адмовай у пасярэдніцтве між урадам Калюмбіі ды тамтэйшымі паўстанцамі.
Магчыма, варта чакаць новых міжнародных паездак у Беларусь ці Іран. Так, для перайманьня досьведу электаральнай барацьбы. Яшчэ ёсьць варыянт заняцца сацыялістычнай рэвалюцыяй у чужой краіне на ўзор куміра мільёнаў маладых сацыялістаў Чэ Гевары. Але дзе?
Думаю, што нейкі цікавы занятак сэньёр Чавэс сабе знойдзе. Ды і верагоднасьць новых ягоных спробаў заваяваць пажыцьцёвае валадараньне ў сваёй краіне не такая і малая. Але ці ўдасца яму яшчэ раз так моцна ўсіх зьдзівіць, як ён зрабіў гэта 3 сьнежня 2007 году?

"Адзіная" Расея

Расейскія выбары ў Дзярждуму прайшлі ў лепшых традыцыях "кіраванай дэмакратыі". Параўнаньня з сытуацыяй на Беларусі не абмінуў толькі лянівы. Заўважным сталася падабенства чорнага піяру ды рэпрэсіўных мэтадаў у адносінах да палітычных апанэнтаў. Але ёсьць і адрозьненьні. І галоўная - у аб'ёме фінансавых сродкаў, якімі валодаюць ўладныя колы дзьвюх дзяржаваў. Таксама варта адзначыць большы прафесіяналізм расейскіх элітаў у справах палітычных тэхналёгіяў.
Трэба адзначыць, што цэнтральная ўлада і ў Расеі, і ў Беларусі валодае даволі значнай электаральнай падтрымкай. Эліты абедзьвух краінаў актыўна карыстаюцца вобразам "змрочных часоў", што панавалі да прыходу іх да ўлады. Сярод захопленага спажывальніцтвам электарату такая тактыка абсалютна пасьпяховая, бо грунтуецца на адносным, у параўнаньні з "ліхімі дзевяностымі" дабрабыце. І натуральна: кошт на нафту ў 1998 годзе знаходзіўся на адзнацы каля 9$. Цяпер - каля 100$. Пытаньне толькі ў тым, што беларускаму рэжыму даставалася толькі малая частка ад той плыні нафтадаляраў. А зараз і гэта забіраюць.
Беларускі аўтарытарны рэжым будуецца вакол асобы прэзыдэнта Лукашэнкі, расейскі - вакол Пуціна. Вось толькі Пуцін, як былы спецслужбоўца, навучыўся гуляць у камандзе. Вакол яго ёсьць пэўнае кола паплечнікаў, якое ў свой час і прасоўвала яго да ўлады, і якому ён хоць у нейкай ступені можа давяраць. Лукашэнка не давярае нікому.
Чэкісцкая групоўка, што кантралюе Крэмль з 2000 году, адразу згарнула пад сябе найпрыбытковы сыравінны бізнэс, што дазволіла ёй усталяваць кантроль над краінай і прадставіць ініцыятыўнай частцы насельніцтва магчымасьць рэалізаваць сябе ў іншых, не такіх прыбытковых галінах. Лукашэнку, каб трымаць краіну пад кантролем, даводзіцца душыць нават індывідуальных прадпрымальнікаў.
Расейская эліта імкнецца захаваць добрыя стасункі з заходнімі краінамі, як галоўнымі пакупнікамі сыравіны. Лукашэнка да пары пра гэта не задумваўся. Але цяпер, мабыць, давядзецца.
Выбары 2 сьнежня паказалі, што ўлада чэкісцкай групоўкі дасягнула хіба найбольшай магутнасьці: практычна поўная адсутнасьць апазыцыі і татальны кантроль над палітычнай сыстэмай краіны; магчымасьць прыбіраць і ўсталёўваць любыя праўныя абмежаваньні, выкарыстоўваючы канстытуцыйную большасьць у Думе; амаль рэкордна высокія кошты на энэрганосьбіты. Але ж у доўгатэрміновай перспектыве для каманды Пуціна існуе шэраг рызыкаў. І найгалоўная зь іх - застацца ў адзіноце. Палітыка прагматызацыі коштаў на энэрганосьбіты паволі пазбаўляе Расею саюзьнікаў ня толькі на блізкіх межах, але і ўнутры краіны. Нагадаю, што Крэмль ужо распрацаваў плян, паводле якога расейскія спажыўцы газы будуць плаціць той самы кошт, што і нямецкія, за выняткам транспартных выдаткаў. Заходнія краіны ўсё больш увагі надаюць дыверсіфікацыі паставак энэрганосьбітаў ды энэргаашчаджальным тэхналёгіям. Здабыча нафты і газы ў самой Расеі стала скарачаецца, а крэдытных сродкаў на распрацоўку новых радовішчаў унутры краіны няма. Ды і кошты на нафту, нягледзячы на аптымістычныя для Расейскага ўраду прагозы, маюць схільнасьць зьмяняцца. А што можа адбыцца, калі адзінаросы застануцца сам-насам з ардою незадаволеных спажыўцоў, уявіць цяжка і нават троху страшна. Асабліва ўзгадаўшы расейскую традыцыю разьвязваньня канфліктаў...

4.12.07

Рок-музыкі "легалізаваліся"

Шмат хто наракае на "прадажныя паводзіны" рок-музыкаў, што пайшлі на перамовы з "ганебнай уладай", каб мець магчымасьць легальна выступаць.
Прыватна я перакананы ў слушнасьці іх крокаў. Варта разумець, што якая б улада ні была, але сытуацыю зь немагчымасьцю выступаць спадары Вольскі, Варашкевіч, Кульлінковіч, Хаменка ды іншыя маглі б вырашыць толькі зь ёю. Бо толькі гэтая ўлада ёсьць адзіным цэнтрам прыняцьця рашэньняў у гэтай краіне. Таму, дарэчы, і Эўразьвяз рыхтуе глебу для перамоваў менавіта з гэтым рэжымам, які б антыдэмакратычны ці амаральны ён ні быў.
А апазыцыя нічога ня мае прапанаваць музыкам апроч "тусаў" на Бангалоры. Ці то больш ня можа, ці то нават і не спрабуе магчы больш. І адмова выступаць на яе тусоўках - цалкам прымальны варыянт за магчымасьць дайсьці да большага кола слухачоў, якіяад гэтага выйграюць. І так зашмат у нас людю, які добрай музыкі і чуць нідзе ня чуў.
Як кажуць у такіх выпадках, notning personal, спадары...

Сайт пра родны горад