13.12.07

Абаранілі незалежнасьць...

12 сьнежня прайшла акцыя ў абарону незалежнасьці, зладжаная Партыяй БНФ сумесна з іншымі апазыцыйнымі арганізацыямі. Зразумелым выглядае турбота БНФ адносна пагрозы страты Беларусьсю незалежнасьці. Аднак зьдзіўляе няздольнасьць апазыцыйных колаў знаходзіць новыя формы барацьбы за свае каштоўнасьці.
Так, абгрунтоўваючы правядзеньне вулічнай акцыі, лідары БНФ ня здолелі прывесьці моцных аргумантаў, якія пераконвалі б грамадзкасьць у рэальнасьці пэрспэктывы падпісаньня Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы. Напрыклад, новаабраны старшыня спадар Баршчэўскі сказаў толькі, што сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам самім сваім фактам нясуць у сабе пэўную долю небясьпекі. Як мне падаецца, сумнеўны аргумант. Дык што, у такім разе прэзыдэнтам дзьвух краінаў-суседак ня варта сустракацца ўвогуле?
Вельмі слабой выглядала і інфармацыйная кампанія акцыіі. Калі гэта ня так, дык чаму прыйшло так мала людзей? Магчымыя 2 варыянты адказу:
1. Малая колькасьць людзей успрымае незалежнасьць, як каштоўнасьць, вартую абароны. Тэза даволі спрэчная, бо шмат каму з нас вядома пра тэндэнцыю зьніжэньня колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі нашай краіны з Расеяй. Аднак пытаньні гатовасьці да інтэграцыі і незалежнасьці нельга ўважаць за ідэнтычныя, хоць, безумоўна, яны моцна між сабою павязаныя.
2. Малая колькасьць людзей успрымае пагрозу незалежнасьці, як рэальную альбо мала хто верыць, што гэта можа адбыцца менавіта зараз.
Безумоўна, усё можна сьпісаць на традыцыйную прычыну - страх. Але прыклады асобных акцыяў кажуць пра здольнасьць нават не самага гарачага беларускага грамадзтва актыўна рэагаваць на рэальныя выклікі, перадольваць жаданьне застацца на кухні.
Вынік бачны ўсім. Пэўны розгалас у інтэрнэце ды незалежных СМІ. А яшчэ ЧМТ у Зьмітра Хведарука. Няўжо дзеля таго, каб узьняць дыскусію сярод грамадзкіх элітаў варта чарговы раз падстаўляць моладзь пад дубінкі?
Чарговы раз прыватна я атрымаў прыклад павярхоўнасьці падыходу да новых выклікаў з боку апазыцыйных элітаў. У палітыцы вельмі важна хутка прымаць рашэньні, але чаму гэтыя рашэньні не вылучаюцца разнастайнасьцю?
Звычайна новаабранаму кіраўніцтву прынята даваць 100 дзён, вызваляючы іх ад крытыкі. Але ж новым кіраўніцтва БНФ можна назваць даволі ўмоўна. Ды яны і самі, я думаю, разумеюць, што столькі часу ў іх можа і ня быць.

3 comments:

Ананім said...

zavodz blog na lj

Zmicier Kazlouski said...

Дзякую!
Ужо прапаноўвалі.
Але мне ЖЖ не зусім падабаецца: паводле дызайну, магчымасьцяў, грузіцца павольна (прынаймней, на маім капутары). Да таго ж, у маім успрыманьні ён стаў ужо нават троху папсовенькім. Апроч таго, не хачу нікому фрэнд-стужкі завальваць. Калі каму цікава будзе тое, што я пішу, заўсёды можна на жывільнік падпісацца.

Ihar Hrachyshka said...

Ahoj:)

Сайт пра родны горад