18.2.10

“Грэцкі гарэх” бюракратыі

Мне дужа спадабался рашэньне Эўрапейскага Цэнтрабанку прымусіць Грэцыю зьнізіць заробкі дзяржаўным службоўцам ды наймаць кожнага новага дзяржслужбоўцу толькі пасьля сыходу пяці папярэдніх на пэнсію. І справа ня толькі ў тым, што такія захады дазволяць зьменьшыць вялізарны дэфіцыт бюджэту гэтае краіны. І нават не ў асалодзе ад “помсты паскудным чынушкам”, якія фальсіфікавалі дадзеныя статыстыкі, каб Эўразьвяз не разумеў напоўніцу праблемнасьці сытуацыі ў грэцкай эканоміцы.

Перш за ўсё, такое рашэньне мне падабаецца тым, што яно можа (не факт, што так і будзе) зматываваць маладых грэкаў інакш зірнуць на свае жыцьцёвыя пляны. І можа быць, што значна большая частка грэкаў абярэ для сябе шлях адкрыцьця сваёй справы ці проста працы ў бізнэсе замест таго, каб імкнуцца прасоўвацца як мага вышэй па бюракратычнай лесьвіцы. Да таго ж абвастрэньне ўнутрывідавое барацьбы сярод чыноўнікаў можа істотна падкасіць жаданьне “слугаў народу” працягваць руку па хабар. Бо калі пры ранейшым падыходзе дзейнічаў прынцып “рука руку мые”, дык цяпер адна рука за другую і ўхапіць можа.

Зірнуўшы на сытуацыю ў Беларусі, так і хочацца памарыць, каб хто прымусіў пайсьці на такія ж крокі кіраўніцтва нашае краіны. Бо, напрыклад, ад ідэалягічных супрацоўнікаў выканкамаў плёну аніякага, а заробкі ў гэтых найпатрэбных пасадоўцаў – немаленькія. Але ж хто будзе секчы сук, на якім сядзіць? Я да таго, што вертыкаль на месцах складае падмурак уладнай піраміды. Таму валіць гэтую піраміду для тых, хто сядзіць на самым версе – ход неразумны: падаць з вышыні дужа балюча.

Сярод тых, хто хаця б тэарэтычна можа прымусіць беларускія ўлады пайсьці на скарачэньне колькасьці дзяржслужбоўцаў, я бачу толькі 2 кандыдатуры. Адна зь іх – Міжнародны валютны фонд, які пасьля правалу перамоваў па нафце зноў стаў вельмі нават патрэбным беларускім уладам. Тым больш, што бюджэтная дысцыпліна і раней была адным з патрабаваньняў да краіны-атрымльніка крэдытаў. Калі заходнія краіны, якія маюць найбольшы ўплыў на прыняцьце рашэньняў у гэтай арганізацыі, моцна пакрыўдзяцца на апошнія “ня вельмі прыгожыя паводзіны” беларусіх уладаў, дык выставіць такое патрабаваньне яны могуць. Але, улічваючы агульны настрой Захаду на працяг “дыялёгу”, шансы на такі варыянт разьвіцьця падзеяў – невялікія.

Але найбольшы шанец на тое, каб прымусіць беларускія ўлады абмежаваць апетыты чыноўнікаў, мае нават не якаясь краіна ці міжнародная арганізацыя, а “Яе Вялікасьць Эканоміка”. Бо ад ейных законаў немагчыма адгарадзіцца мяжой, іх немагчыма адмяніць дэкрэтам ці ўказам, як немагчыма прымусіць замежных спажыўцоў і бізнэсоўцаў штогод набываць усё больш “беларускага”.

9.2.10

Краіна пад прымусам

Даведаўшыся вынікі апытаньня, праведзенага сярод прадпрымальнікаў Беларусі на замову аб’яднаньня “Перспектыва”, быў вельмі ўражаны адной лічбай. Апынулася, што 58,5% апытаных пачалі прадпрымальніцкую дзейнасьць змушана, бо іншага выйсьця ў людзей проста не было. То бок нават такое добрае пачынаньне, як адкрыцьцё ўласнае справы, большасьць людзей зьдзясьняла пад прымусам!

Цяжка казаць, наколькі гэты факт абумовіў невялікую пасьпяховасьць беларускіх ІП. Прыватна я схільны думаць, што куды больш істотным чыньнікам у гэтым сэнсе ёсьць празьмернае дзяржаўнае рэгуляваньне. У гэтым рэчышчы было б цікава ведаць, колькі з гэтых “змушаных” прадпрымальнікаў цяпер задаволеныя тым, што ўрэшце пачалі працаваць на сябе. Апытаньне пра гэта маўчыць, але, думаецца мне, што далёка ня кожны адказаў бы на гэтае пытаньне шчыра.

Мушу прызнаць: сам факт таго, што людзі ішлі ў прадпрымальнікі ад безвыходнасьці, мяне ня моцна зьдзівіў. Бо ўсе мы горш ці лепш памятаем часы, калі на беларускіх “гігантах прамысловасьці” масава праходзілі скарачэньні пасьля развалу СССР. Але маштабы зьявы сапраўды ўражваюць! Гэта прымусіла чарговы раз задумацца, колькі ж чалавек у нашай краіне займаюцца тым, чым вымушаныя, а ня чым хочуць займацца.

Многія маладыя людзі вымушаныя ісьці служыць у войска; студэнты-бюджэтнікі вымушаныя адпрацоўваць па разьмеркаваньні; мноства нашых суграмадзянаў вымушаныя ехаць за мяжу, каб зарабіць на жыцьцё для сваёй сям’і; многія маладзёны вымушана ідуць працаваць у міліцыю, бо нідзе больш за такую працу такія грошы ня плоцяць; многія настаўнікі вымушана працуюць за невялікі заробак, бо іншай працы ў сваім горадзе можна і не знайсьці. І як поўны антыпод сытуацыі, згаданай мной на пачатку – многія людзі робяцца найманымі працаўнікамі, бо ня могуць пачаць уласную справу...

Улічваючы, што любімы занятак ёсьць адным з істотных складнікаў чалавечага шчасьця, а недахоп апошняга часам змушае людзей ісьці на скрайнія захады, зусім ня дзіўна, што Беларусь мае высокі паказчык па самагубствах.

Безумоўна, заўсёды можна сказаць, што кожны чалавек ёсьць кавалём уласнага шчасьця, і што кожны мае права рабіць свой выбар. Згода. Вось толькі чамусьці атрымліваецца, што альтэрнатывамі выступаюць розныя з пералічаных мной вышэй “вымушаных” варыянтаў.

Каб давершыць карціну, прысьвечаную прымусу, прапаную зьвярнуць увагу на тое, якім чынам прымаюцца рашэньні кіраўніцтвам нашай краіны. Значная частка зь іх прымалася пад прымусам! Узгадайце хаця б продаж “Белтрансгазу” ці БПС-Банку, нерашучыя крокі па лібералізацыі, дэвальвацыю пачатку 2009 году, падпісаньне дакумантаў па АДКБ і г.д. Больш таго, пасьля словаў прэзыдэнта Лукашэнкі пра тое, што ён “наеўся гэтай улады”, складваецца ўражаньне, што балятавацца на чарговы тэрмін ён будзе таксама змушана.

Зрэшты, не выбіваецца з гэтага шэрагу і апазыцыйны асяродак. І гаворка тут ня толькі пра вымушаныя паходы на Бангалёр ці высокія кошты на арэндаваныя памяшканьні. Многія лідэры партыяў ды грамадзкіх аб’яднаньняў працягваюць кіраваць імі, бо проста ня могуць знайсьці сабе іншага занятка, а карміць сям’ю неяк трэба.

У такой сытуацыі ўсё, што можна параіць усім, хто адчувае змушанасьць свайго становішча,- гэта прынаймней захоўваць стан унутранай свабоды. Унутрана вольны чалавек мае больш шансаў стацца вольным насамрэч. Ні ў якім разе не заклікаю імгненна кідаць “змушаныя” заняткі – часам гэта проста немагчыма альбо неразумна. Але ж рабіць пэўныя, хоць бы і невялічкія, крокі ў бок сваіх жаданьняў ды памкненьняў усё ж варта.

5.2.10

Ізноў нафта: праца над памылкамі

Мушу прызнацца, што ў сваіх прагнозах адносна зыходу нафтавага канфлікту (гл. папярэдні пост) я не патрапіў нават блізка ад мэты. Усё ж такі палітычны момант тут быў выразна дамінантны. Хоць без эканомікі, натуральна, не абыйшлося.

Колькасьць страчаных Беларусьсю мільярдаў экспэрты ўжо падлічылі. Я, у сваю чаргу, хачу зьвярнуць увагу на іншы пункт нафтавай дамовы. А менавіта: калі нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты, будуць пастаўляцца назад у Расею, Беларусі вернуць мыту за адпаведны аб’ём нафты. Такім чынам, Масква ставіць Менск перад альтэрнатывай: альбо зьніжайце выдаткі (бо інакш на украінскі ды эўрапейскі рынак не патрапіць), альбо спрабуйце прабіцца на наш рынак .

Але выдаткі можна скараціць толькі за кошт зьніжэньня акцызаў ды падаткаў, якімі абкладзеныя НПЗ. А пра значнасьць нафтапрадуктаў для айчыннага бюджэту (які трэба старанна напаўняць, каб пацешыць электарат перад выбарамі) лішні раз казаць, думаю, ня трэба.

Выхад на расейскі рынак таксама няпросты. Бо трэба неяк папоўніць зваротны капітал, каб скампенсаваць часавы лаг паміж выдаткаваньнем грошаў на набыцьцё нафты ды іх вяртаньнем за кошт мыта і продажу нафтапрадуктаў. Таму найвідавочны варыянт – здаць НПЗ расейцам. Але нават калі ўпарты прэзыдэнт Беларусі не паддасца, дык найверагодней, што ён абярэ варыянт з часовай стратай грошаў, чымсі са сталай, то бок пойдзе прадаваць нафтапрадукты на ўсход. Тым больш, што тут ёсьць хоць якая канкурэнтная перавага: расейскія НПЗ куды меньш мадэрнізаваныя за беларускія.

Вось такім простым чынам можа ляснуцца значная частка беларускага экспарту ў Эўразьвяз. А, з пункту гледжаньня геапалітыкі, чым меньш гандлюеш – тым меньш уплываеш. Таму вынікі нафтавых перамоваў для ЭЗ зусім не адназначныя: з аднаго боку, Лукашэнка эканамічна саслабеў, і на яго можна ціснуць, зь іншага – праз ціск можна страціць апошнія магчымасьці ўплываць на Беларусь, калі яна ізноў паверне зьнешнюю палітыку ў адзін бок.

Зрэшты, і сам Лукашэнка стаіць перад няпростым выбарам. Яму ня дужа хочацца ізноў вяртацца да прарасейскай палітыкі, толькі пачаўшы весьці сапраўды шматвэктарную палітыку. Такім чынам, Расея свой “ход канём” зрабіла. Цяпер усё залежыць ад таго, як прарэагуюць на гэты крок Эўразьвяз і Лукашэнка. Вось крыўдна толькі, што больш за 9 мільёнаў чалавек (пакуль яшчэ?), чые жыцьці залежаць ад рэакцыі ЭЗ і ППРБ, самі ўплываць на сытуацыю ня хочуць. Ажно чарговая цытата прыгадалася: “А что подумал кролик, никто не узнал, потому что он был очень воспитанный”...

Сайт пра родны горад